Набор на навучанне назіральнікаў на выбарах прэзідэнта абвясціў незалежны праект EOTP

Праект EOTP («Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка») запрашае неабыякавых беларускіх грамадзян стаць назіральнікамі на прэзідэнцкіх выбарах, якія пройдуць 11 кастрычніка.

Назіральнікі змогуць на свае вочы ўбачыць, як лічаць бюлетэні, ацаніць рэальную яўку выбаршчыкаў на ўчасткі і даведацца, як на самой справе адбываецца падлік галасоў. Для тых, каму цікава, як наладжаны працэс, і хочацца зазірнуць за кулісы, гэта шанец з першых шэрагаў ўбачыць, як у Беларусі выбіраюць прэзідэнта. Гэта законнае права любога паўналетняга грамадзяніна краіны і цікавы вопыт.

«Праект EOTP не падтрымлівае якія-небудзь палітычныя партыі ці кандыдатаў, ён прызваны навучыць і даць магчымасць простым людзям знутры паглядзець на дзень галасавання, развеяць стэрэатыпы і павысіць грамадзянскую актыўнасць», – пішуць актывісты ініцыятывы.

Усе зарэгістраваныя пройдуць кароткі эфектыўны трэнінг «Як назіраць», атрымаюць метадычныя матэрыялы і маральную і праваабарончую падтрымку ў дзень выбараў.

Каб далучыцца да праекта і стаць назіральнікам, неабходна запоўніць онлайн-форму да 22 верасня. Запрашаюцца і пачаткоўцы, і тыя, хто ўжо назіраў за выбарамі.

EOTP прапануе два спосабы акрэдытацыі: па месцы прапіскі назіральніка (для гэтага трэба самастойна сабраць 10 подпісаў выбаршчыкаў з гэтага ўчастка) і ад арганізацый (з гэтым дапаможа праект).

Грамадзянскае назіранне — магчымасць не сядзець склаўшы рукі, а самастойна праверыць, ці сумленна праходзяць у нас выбары, і атрымаць займальны вопыт.

Па любых пытаннях можна звяртацца праз мэйл на eotp@eotp.info

15:40, 16/09/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0837 seconds.