Rahis прэзентаваў кліп «Грэй мяне» пра астранома Віктара Малышчыца, які фатаграфуе начамі зоркі

Гурт Rahis прэзентуе кліп на песню «Грэй мяне» з новага альбому «Паміж сонцам і хмарамі». У цэнтры сюжэта дэбютнага відэа Rahis – вядомы беларускі астраном-фатограф Віктар Малышчыц.

Зорныя таймлапсы Віктара Малышчыца, знятыя ім па ўсёй Беларусі, збіраюць дзясяткі тысяч праглядаў у сеціве і захапляюць хараством беларускай прыроды і зорнага неба. 

– Віктар вельмі блізкі нам па духу і поглядам на сваю справу. Увесь свой вольны і працоўны час ён глядзіць кудысьці на неба і паказвае прыгажосць, якую так лёгка можа ўбачыць кожны, калі проста падыме галаву, але якая застаецца амаль незаўважанай, – кажа аўтар песні Дзяніс Філіпенка.

Песня «Грэй мяне» увайшла ў другі альбом Rahis «Паміж сонцам і хмарамі», які гурт прэзентаваў на Generation.by у пачатку лета.

Віктар Малышчыц

– Кліп пра тое, што ёсць сэнс кожнаму з нас імкнуцца да зорак, у прамым і пераносным сэнсе. Пра тое, што любыя цяжкасці жыцця будуць пераадолены, калі яшчэ не згасла ўнутры вера і калі сэрца працягвае саграваць надзея, – распавядае пра сваё бачанне кліпу яго галоўны герой Віктар Малышчыц.

Рэжысёр відэа – малады беларускі кліпмэйкер Ігар Чышчэня. Здымкі праходзілі цягам некалькіх веснавых і летніх месяцаў.

Канцэртная прэзентацыя новага альбому Rahis «Паміж сонцам і хмарамі» пройдзе 22 кастрычніка ў LOFT CAFE (вул. П. Броўкі, 22). Падрабязней пра канцэрт у сацыяльных сетках: VK і FB.

 


ЮС 02:00, 23.09.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.