У Беларусі з’явілася першая народная стыпендыя для студэнтаў

У Міжнародны дзень студэнтаў, 17 лістапада, у Беларусі абвешчаны набор на першую незалежную грамадскую стыпендыю для студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі. Стыпендыя названая ў гонар выбітнага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, асветніка і навукоўца Аркадзя Смоліча.

Аркадзь Смоліч
Аркадзь Смоліч – дзеяч беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, вучоны у галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі. 

Стыпендыю імя Аркадзя Смоліча можа атрымаць любы студэнт беларускіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установаў за выбітную грамадскую, культурную і сацыяльную дзейнасць у галіне развіцця грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь. Памер стыпендыі 1 000 000 беларускіх рублёў на месяц. Стыпендыя выдаецца тэрмінам на 1 год і агульны пачатковы стыпендыяльны фонд складае 12 000 000 рублёў. Падаць заяўку на стыпендыю можна да 17 снежня бягучага году, запоўніўшы форму ў інтэрнэце.

Стыпендыя заснаваная шэрагам некамерцыйных і камерцыйных арганізацыяў, а таксама высілкамі асобных грамадзянаў. Сярод арганізацыяў у стыпендыяльны фонд ахвяравалі: Міжнароднае грамадскае аб’яднанне ЗБС “Бацькаўшчына”, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” (Беларусь), Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятываў (Беларусь), культурніцкая пляцоўка “Арт Сядзіба” (Беларусь), Братэрства Арганізатараў Студэнцкага Самакіравання (Беларусь), праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб'яднанне "Рух "За Свабоду", моладзевая асацыяцыя “StudAlliance” (Літва), Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (Літва).

Свой асабісты ўнёсак у стыпендыю зрабілі: Кірыл Атаманчык, Максім Марыніч, Ігар Назаранка, Яўген Міхасюк. Таксама, сярод фундатараў стыпендыі ёсць кампаніі “Vilnius Relax” (Літва) і “UFOX Media” (Беларусь).

Стварэнне стыпендыі імя Аркадзя Смоліча ставіць перад сабой шэраг задачаў, сярод якіх заахвоціць да актыўнай грамадскай, культурніцкай і сацыяльнай дзейнасці беларускае студэнцтва дэманструючы салідарнасць і фінансавую падтрымку іх пачынанням, а таксама стымуляваць унутраны фандрайзінг для падтрымкі грамадска значных ініцыятываў сярод грамадзянскай супольнасці, бізнэсу і шэраговых грамадзянаў Беларусі.

Студэнты – гэта будучыня Беларусі, і вельмі важна заахвочваць іх развіццё, падтрымліваць іх у імкненні да грамадскай, культурніцкай ці сацыяльнай дзейнасці. Ужо зараз усе жадаючыя могуць спрычыніцца да сбору сродкаў на стыпендыю запоўніўшы кароткую форму.


08:35, 17.11.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.