Сябры каманды Studenty.by асуджаныя на 10 сутак

Сябры каманды Studenty.by, у тым ліку і каардынатары праекту, асуджаныя на 10 сутак. Воля Кузьміч, Юра Сідун і Тацяна Хома былі затрыманыя 20 сакавіка ля Кастрычніцкай плошчы, дзе зараз адбываецца мірная акцыя пратэсту, і 21 сакавіка асуджаныя на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Суд, натуральна, быў паўнейшым спэктаклем. Міліцыянты, што іх суправаджалі, таксама не хавалі сваіх усьмешак ад бязглуздых выступаў і заяваў сьведкаў - тых, хто затрымліваў.

Нам пашчасьціла пабачыць Волю і Тацяну, пабыць нейкі час разам і паразмаўляць. Яны ў добрым настроі. Натуральна абураны нахабнымі затрыманьнямі і ўсім гэтым фарсам.

Распавядаюць, што на Акрэсьціна іх акружаюць файныя і свае людзі, хаця і адчуваецца недахоп добрых умоваў. Зь іншых паверхаў можна пачуць знаёмыя галасы і аптымістычныя воклічы, якія падтрымліваюцца іншымі камэрамі. Кажуць, што моладзь, якая пакідае Акрэсьціна, кіруецца адразу на плошчу.

Яны распавядаюць, што збольшага людзі былі затрыманы, калі пакідалі межы намётавага лягера. Раяць народу трымацца разам і ўначы не пакідаць лягер.

20 сакавіка было затрымана 108 чалавек. Сярод якіх хапае і студэнтаў. Суды адбываліся 21 сакавіка. Прысуды былі ад 3 да 15 сутак. Такім чынам улады спрабуюць пазбавіцца на бліжэйшыя дні ад актыўнай моладзі.

Baj 07:52, 22/03/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.