Музычныя экспэрты вылучылі лепшыя беларускія альбомы 2008 году

Іван Кірчук

Цырымонія ўзнагароджаньня ў фармаце прэс-мерапрыемства прайшла 18 лютага, як адзначыў яе вядоўца Зьміцер Безкаравайны, «у зусім не глямурнай атмасфэры» страўні «Камяніца». Музычныя крытыкі ў межах праекту Experty.by абралі лепшую беларускую музыку 2008 году ў шасьці намінацыях. Першыя пазыцыі падзялілі «Сон-трава» Троіцы і «Маніфэст» Ляпіса Трубяцкога.

Але, да гонару арганізатараў, ніводны пераможца ня стаў грэбаваць атрыманьнем прэміі, як гэта бывае зь існымі беларускімі музычнымі ўзнагародамі. Падзея прайшла прадстаўніча, але ў вельмі ўтульнай атмасфэры.

Пераможцаў у намінацыях «Лепшы поп-альбом», «Лепшы рок-альбом», «Лепшы фольк-альбом», «Лепшы дэбютны альбом» і «Найлепшы альбом году» вызначалі беларускія музычныя крытыкі Зьміцер Падбярэскі, Алег Клімаў, Сяргей Будкін і Зьміцер Безкаравайны — сталыя аўтары Experty.by.

Пераможцаў у яшчэ адной намінацыі — «Прыз вялікага журы» — вызначалі вядучыя прадстаўнікі беларускай музычнай мэдыясупольнасьці ў складзе 12 асобаў з розных СМІ. А пяць экспэртаў з Расеі, Польшчы, Украіны, Літвы і Латвіі абралі ўладальнікаў «Прызу замежных экспэртаў».

Пачалі «раздачу», як тое звычайна прынята, з фольку. У намінацыі найбольшай беларускай музычнай адметнасьці, як ахарактарызаваў гэты стыль журналіст Сяргей Будкін, выбіраць у гэтым годзе было з чаго. Але лепшым быў названы гурт «Троіца» са сваёй плыткай «Сон-трава».

«Зараз мы можам сказаць, што нас слухаюць і на радзіме», — адзначыў Іван Кірчук, лідэр «Троіцы», які вядомы сваімі гастролямі і запатрабаванасьцю за мяжой.

Даволі цяжкім выпрабаваньнем, па прызнаньню крытыка Зьмітра Падбярэскага, стала праслухоўваньне усіх новых поп-альбомаў, што выйшлі ў Беларусі ў гэтым годзе.

«Калі слухаў поп-альбомы гэтага году, мяне не пакідала думка, што ў іх няма ні асобы, ні вобразаў», — дадаў Падбярэскі.

Але лепшы дыск быў выбраны амаль што адзінагалосна. Ім аказаўся альбом «Любовь-судьба» вэтэранаў поп-цаліны Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча.

Ядвіга Паплаўская

Кранутая перамогай Ядвіга Паплаўская доўга не магла разьвітацца з публікай. Яна пасьпела ўзгадаць падчас сваёй узнагароднай прамовы і «Песьняроў», і гурт Akana-NHS, выступ якога адчыніў цырымонію, і свайго мужа Аляксандра Ціхановіча, які ў гэты адказны момант, на жаль, адсутнічаў.

«На цырымоніі рок-каранацыі мы зацята шукалі дэбюты і адкрыцьці, але ў нас мала што атрымлівалася», — узгадаў трохгадовы вопыт удзелу ў арганізацыі «Рок-каранацыі» Сяргей Будкін. — «Але ў гэтым годзе ня было ніякіх праблемаў», — дадаў Сяргей, пасьля чаго абвесьціў пераможцу ў намінацыі «Лепшы дэбютны альбом».

Ім стаў гурт NHS (зараз Akana-NHS) з плыткай «700».

Кожны пераможца ў якасьці ўзнагароды атрымліваў аплядысмэнты і сымбалічны дыплём з выявай «залатога» дыску. «Лепшы рок-альбом» 2008 году, па вэрсіі чатырох экспэртаў, выпусьціў у гэтым годзе гурт «Ляпіс Трубяцкой». Як прызнаўся адзін з вакалістаў «Ляпісаў» Павал Булатнікаў, чальцы гурта яшчэ ня вызначыліся, куды падзенуць узнагароды, але «гэты дыплём зойме ганаровае месца на паліцы, магчыма, маёй кватэры».

Вынікі другой часткі ўзнагарод, якія абіраліся ўжо пашыраным да 17 чалавек колам журы, адзначыліся большай нечаканасьцю. Так, «Прыз замежных экспэртаў» супольна вызначалі пяць замежных экспэртаў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расеі і Украіны. Сьвежае вока замежнікаў вылучыла на першае месца гурт «Джамбібум», альбом якога «Жавароначкі» на гэты раз абыйшоў і «Ляпісаў», і Троіцу.

«Вельмі нечаканая перамога. Я ўвогуле пачала разумець, што адбываецца, ужо калі сядзела тут, калі пачалі даваць прэміі», — прызналася Generation.bY вакалістка «Джамбібум» Наста Хмель. «Можа гэта выпадкова, бо „Троіца“ і „Джамбібум“ яшчэ непараўнальныя зьявы», — самакрытычна дадала вакалістка.

«Прыз вялікага журы» — намінацыя, пераможцу ў якой вызначалі не чатыры, а ўжо 12 экспэртаў, дастаўся «Ляпісу Трубяцкому».

«З найбольшай ахвотай выносяць свае вэрдыкты менавіта дылетанты», — пракамэнтаваў працу вялікага журы адзін зь яго сябраў, культуроляг і кінааналітык Максім Жбанкоў.

У намінацыі «Лепшы рэкорд-лэйбл», якая мусіла адлюстраваць посьпехі рэкорд-кампаніі ў кантэксьце якасьці рэлізаў, не было роўных лэблу West Records. Галоўным і адзіным крытэрам для перамогі была колькасьці рэлізаў, якія найчасьцей згадваліся ва ўсіх трох топ-10 (па вэрсіі экспэртаў, вялікага журы і замежных крытыкаў).

Нарэшце, у галоўнай намінацыі «Лепшы альбом году» перамог гурт «Троіца» з дыскам «Сон-трава». Балянс сілаў паміж лепшымі альбомамі года, «Маніфэстам» і «Сон-травой», быў захаваны — у абодвух гуртоў па дзьве ўзнагароды.

«Мы на падставе адзнакаў нашых чатырох экспэртаў вызначалі пераможцаў. І на 70-80 працэнтаў матэматычныя вынікі адпавядаюць нашым прадчуваньням вынікаў. Але добрая музыка не сканчаецца толькі на пераможцах і нават не на Топ-10!» — адзначыў арганізатар уручэньня ўзнагародаў Experty.by Зьміцер Безкаравайны.

І ўжо зараз экспэрты — арганізатары ўзнагароды — думаюць пра год наступны, бо імпрэза відавочна ўдалася:

«Нашай мэтай было вылучыць найлепшыя альбомы і зрабіць так, каб пра гэта напісала прэса. Мяркуючы па сёньняшнім мерапрыемстве, гэта атрымалася».

Глядзіце на Generation.bY падрабязны фотарэпартаж з цырымоніі ўручэньня ўзнагародаў Experty.by

Пераможцы ў намінацыях

  • Лепшы фольк-альбом – Троіца «Сон-трава»
  • Лепшы рок-альбом – Ляпіс Трубяцкой «Манифест»
  • Лепшы поп-альбом – Я.Паплаўская, А.Ціхановіч «Любовь-судьба»
  • Лепшы рэкорд-лэйбл – «West Records»
  • Лепшы дэбютны альбом – NHS «700»
  • Прыз замежных экспэртаў – Джамбібум «Жавароначкі»
  • Прыз вялікага журы – Ляпіс Трубяцкой «Манифест»
  • Лепшы альбом – Троіца «Сон-трава»
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0688 seconds.