АЭС будзе пабудаваная ў Астраўцы — гэта канчатковае рашэньне

Рашэньне аб будаўніцтве беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы ў Гарадзенскай вобласьці прынятае канчаткова, заявіў прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі ў сераду ў Менску.

«Атамную станцыю мы будаваць будзем. Будзем будаваць яе ў Астраўцы. Гэта адназначна. Рашэньне аб гэтым, пісьмова або вусна, будзе прынятае ў бліжэйшы час», — заявіў Лукашэнка паведамляе БелТА.

Раней Астравецкая пляцоўка называлася прыярытэтнай сярод некалькіх. Як стала вядома, будаваць АЭС будзе расейская карпарацыя «Росатом», на што спатрэбяцца шматмільярдныя расейскія крэдыты.

Па словах Лукашэнкі бясьпека зьяўлялася істотным фактарам пры выбары пляцоўкі: «Мы пабывалі і ў Японіі, і ў Францыі, і ў Амэрыцы, і ў Германіі, і ў Кітаі, і ў Расеі — на ўсіх лепшых у сьвеце атамных станцыях.

Будаўніцтва новай станцыі нявыгадна эўрапейцам, можа быць, нават расейцам. Таму што мы пачынаем вырабляць свой танны тавар. А гэта значыць, страта рынку. Калі мы выпрадукуем на 20% больш сваёй энэргіі, то гэтую колькасьць мы ня купім у Расеі і ва Ўкраіне. А там лішак гэтага тавару», — сказаў Лукашэнка.

Па словах прэзыдэнта, у Астраўцы ўжо распачатае будаўніцтва інфраструктуры.

Лукашэнка таксама дадаў, што ў Беларусі будзе працягнутае разьвіцьцё і касьмічных праграм, і атамных тэхналёгій для таго, каб даць магчымасьць спэцыялістам працаваць на высокіх тэхналёгіях і ня страціць напрацаваную школу.

Згодна з дадзенымі сацыялягічнага дасьледаваньня, што было праведзенае НІСЭПД у чэрвені, 38.2% насельніцтва краіны выступае супраць будаўніцтва АЭС, 40.7% падтрымлівае яго.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1009 seconds.