Навіны з Року па вакацыях 2010

«Рок па вакацыях» (галоўнае, ня блытаць з «Рок-каранацыяй») — справа памерлая і адроджаная, таму можа і занадта традыцыйная. І фішка тут каб не ўразіць ці зьдзівіць, а паказаць, з чым беларуская музыка, яе частка, што жыве па-за апекай дзяржавы, уваходзіць у новы сэзон. Ну, і заадно добрая магчымасьць паслухаць якасную рок-музыку.


Новы бубнач Drum Ecstasy Зьміцер Харытановіч


Гурт ZM99

І калі ад аглушальных Drum Ecstasy, якім усё ж пажадана на стадыёнах выступаць, ці ZM99, поўных музыкаў з Нэйра Дзюбелю, чакаць нейкіх сэнсацыйных навінаў ці хаця б цікавостак не выпадала, то астатнія героі вечара: The Toobes, Крама, У Нескладовае і Нэйра Дзюбель — прыехалі зь некаторай порцыяй сюжэтаў, якія ня сорамна выкласьці любому менскаму музычнаму часопісу. Канешне, у выпадку існаваньня апошняга.

Яшчэ адзін праект, «Без Билета», стварыў навіну вельмі проста: адмовіўся ад выступу «па тэхнічных прычынах», за якімі хавалася банальны сыход аднаго з гітарыстаў. У выніку ўвесь гурт апынуўся ў творчым адпачынку. Але большасьць гледачоў зьвярнула ўвагу ў першую чаргу на 2 праекты, якія вылучыліся адноснай маладосьцю і навізной. Гэта «У нескладовае» Рамана Арлова і нахабная троіца The Toobes.


У нескладовае

На сцэне «У нескладовае» разрасьліся да сапраўды аркестравых памераў. Дзеля іх сама Тацяна Заміроўская — мэгагінант беларускай музычнай журналістыцы — спусьцілася да сцэны каб сузіраць на ўласныя вочы разнамасную каманду хлапцоў, што, гледзячы па ўсім, рыхтуе сябе да працяглых выступаў у замежных дэкарацыях.

Фінальная кампазыцыя «Ня кожны» пакуль абсалютна беларускамоўнага гурту, створанага сіламі былога гітарыста J:Mors і сына пісьменьніка Ўладзімера Арлова Рамана ўяўляе сабой плынь гоману з бубнаў, гітараў і клявішных, якія дапаўняюцца фолькавымі спасылкамі вакаліста гурту Харлі Яўгена Чалышава, а таксама злосным рэчытатывам Аляксандра Памідорава. Напал пачуцьцяў не спадаў да апошняй сэкунды.


The Toobes

Вузкаджынсавая сэнсацыя мінулага сэзону The Toobes застаюцца вернымі сабе і з новым матэрыялам, які, як плянуецца, увойдзе ва ўжо другі па ліку альбом лепшай каманды першага паўгодзьдзя 2009 па вэрсіі сайту Experty.by. Іх ін’екцыя ангельскамоўнай злосьці як заўжды добра бадзёрыць, асабліва пасьля больш разьмеранай і чаканай ва ўсіх адносінах Крамы.


Крама

У свой час даслужыўшыся да званьня генэралаў айчыннага року, «крамаўцы» жывуць у асноўным усё тым жа матэрыялам, які, аднак, прыносіць ім стабільную порцыю павагі ад такіх жа стабільных фанаў, што маюць тэндэнцыю не прапускаць ніводнага падобнага цяперашняму музычнага тусьняка ў Менску. У выніку Крама аказалася адным з самых сталых праектаў фэсту (ім праз год стукне 20). Юбілейная дата прымушае Ігара Варашкевіча варушыцца і рыхтаваць матэрыял для новага альбому «які толькі пачаў запісвацца».


Neuro Dubel

Галоўная навіна вечару таілася ў ня менш паважаным і любімым публікай Нэйра Дзюбелі. Перад выступам гурта вядучая канцэрту Іна Кашырына абвясьціла, што асабіста бачыла ўчора Нэйра Дзюбель па БТ, і ня з кім-небудзь, а ў кампаніі Ксюшы Сітнік.


Neuro Dubel

Высьветлілася, што Кульлінковіч і Паскуда прынялі запрашэньне стваральнікаў шоў беларускага адбору на дзіцячае эўрабачаньні і выканалі Ксюшын гіт «Мы разам». Зрэшты, музыкі ад сваёй сутнасьці не адступіліся, і ператварылі дзіцячую песеньку ў абсалютную «нэйрадзюбельскую» брутальшчыну, ад чаго ўсе, хто глядзеў відэа, яшчэ доўга знаходзіліся ў шоку. Навіна атрымалася, дзякуй.


Свой выступ на фэстывалі Кульлінковіч прысьвяціў нядаўна загінуламу журналісту Алегу Бябеніну

40 вялікіх здымкаў з «Рок па вакацыях 2010» традыцыйна ў фотаблогу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0813 seconds.