Павал Юрцэвіч: «Осмос — гэта сыстэма, і гэта надоўга»

Дзецішча Паўла Юрцэвіча — творчае аб’яднаньне «Осмос» — адсьвяткавала свой сёмы дзень народзінаў. Гэта тая самая студыя, намаганьнямі якой пабачылі сьвет некалькі апошніх альбомаў «Нэйра Дзюбеля», RockerJoker, «Серебряной свадьбы», зборнікі канкурсантаў і гасьцей «Басовішча» ды іншыя альбомы ды праекты. На Generation.by некалькі словаў ад Паўла пра «Осмос» на сёмым годзе працы і вялікі фотарэпартаж з сьвяткаваньня на беразе Менскага мора.

Мы «ў справе» з 2004 года, і сёньня сытуацыя ў краіне, на жаль, куды горш, чым калі мы пачыналі. Тады былі друкаваныя выданьні, цэлы шэраг тэлеперадач. На пастаяннай аснове праводзіліся некалькі фэстываляў і канцэртаў з разраду «сыстэмных», то бок была нейкая інфраструктура. Добрая ці дрэнная — цяпер ня важна. Яна хаця б проста была, а разьвіцьцё якаснага кантэнту стрымліваў недахоп фінансаў. Зараз няма нават і гэтага. А сыстэма павінна будавацца, таму што гэты рынак рана ці позна запрацуе. І, калі мы ня будзем будаваць сыстэму, прычым будаваць яе такі як нам падабаецца — нас проста выцясьняць тыя, хто прыйдзе сюды разам з капіталам.

Паколькі мы сыстэматычна трымаемся сваіх прынцыпаў, то нешта ўжо дасягнулі — нам ёсьць чым ганарыцца:) Я, у прыватнасьці, вельмі рады, што мы зарабілі павагу ў прафэсійных колах.

З 2004 года мы рэалізуем творчыя праекты Сашы Кульлінковіча і гурта «Нэйра Дзюбель»; у тым ліку «Осмос» належыць гонар стварэньня альбома «Коміксы» — рэміксаў на кампазыцыі «дзюбеляў», а ў дадзены момант нашымі намаганьнямі падрыхтаваны да выпуску зборнік трыб’ют-кампазыцый на «Нэйра Дзюбель». З таго ж часу з намі працуюць Міхей Насарогаў, Макс Сіры і іх дуэт — «RockerJoker»; таксама Дзьмітрый Дольнік і яго даўняе дзецішча, гурт «The UNB». Крыху пазьней супрацоўніцтва з ТА пачалі Сьвета Бень і яе кабарэ-праект «Серебрянная Свадьба», Саша Багданаў і яго агенцтва «Бо Прома». З дапамогай «Осмос» выдадзены ўсе рэлізы выдатнага партала «Тузiн Гiтоў», некалькі зборнікаў з песень канкурсантаў і гасьцей фэстывалю «Басовішча»…

Аднак галоўнае не наш удзел, а тое, што ўсе гэтыя людзі робяць правільную і важную справу. Грэх ім не дапамагчы…

Асабіста я таксама вельмі рады, што нам такі атрымалася зрабіць вялікі праект, прысьвечаны памяці Васі Шугалея. Ну і яшчэ адна «кропка» гонару — каляндар «Шчыры рок-н-рол», праект, накіраваны на фармаваньне таго самага «асяродзьдзя», якое павінна аб’яднаць беларускі рок у нешта цэльнае. Гэта, вядома, пакуль маленькі крок, але мы будзем разьвіваць гэтую тэму.

У плянах займацца ня толькі ўласна музыкай, але таксама прыкладаць намаганьні да разьвіцьця беларускага рок-н-ролу і альтэрнатывы. Больш пакуль не скажу — каб не сурочыць! :))

Адзначэньне дня народзінаў «Осмос» прайшло ўпершыню. Адрываліся за ўсе сем гадоў: танчылі, сьпявалі, імправізавалі, віншавалі і дарылі падарункі. Сяброўская рокенрольная тусоўка на моры, з шашлыком, выступамі RockerJoker, The UNB ды творчымі імправізацыямі ўсіх прысутных гасьцей – было душэўна і сьвяточна. Публікуем вялікі фотарэпартаж для аднаўленьня памяці :)

12:00, 30/05/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0993 seconds.