Вольнае «Вольнае Паветра»

Адбылося. Нарэшце ў Беларусі зьявіўся фэстываль. Так-так, сапраўдны фэстываль, які ў сьпісе заплянаваных мерапрыемстваў у кожнага паважаючага сябе фэстывальнага тусоўшчыка мусіць быць цяпер пазначаны буйным: «Еду абавязкова!». Падзеі такога ўзроўню дзесяткамі праходзяць вакол Беларусі і ўпершыню ў гісторыі прайшло ў нас.

Хутар «Шаблі» сабраў каля дзьвюх тысяч гледачоў з розных куткоў. Што само па сабе дзіўна. Бо арганізатары не абяцалі ніякіх хэдлайнэраў. А беларуская публіка прызвычаілася хадзіць куды-небудзь ці на халяву або на якое-небудзь вядомае імя і, пажадана, за нядорага. Пагадзіцеся, такія імёны як Бадзьян Саўна Сістэм (Украіна), Комба Бакх (Расея), Shazalakazoo (Сэрбія), DJ Wojcio (Польшча) мала пра што кажуць беларускаму гледачу. І, тым ня менш, калі на стаянцы я ўбачыў парадку трохсот аўтамабіляў з розных рэгіёнаў, стала ясна, што гледачоў сёньня будзе шмат.

Першае, што ўразіла — гэта практычна поўная адсутнасьць работнікаў праваахоўных органаў і абсалютная адсутнасьць чорнага камуфляжу, падкрэсьленага бэрэтамі ўсіх масьцяў. Як аказалася, дзесяці міліцыянтаў і пяці чалавек прыватнай аховы цалкам дастаткова для забесьпячэньня грамадзкага парадку ў месцы збору дзьвюх тысяч чалавек. Тым больш, калі гэты парадак ніхто ўласна парушаць і не зьбіраўся. Другое — гэта ляяльнае стаўленьне да алькаголю. Звыклае для беларускіх мерапрыемстваў — на ўваходзе «ўдыхнуць, не дыхаць», каб вас туды прапусьцілі, у дадзеным выпадку граць не давялося. Поўная свабода на вольным паветры.

З пункту гледжаньня выгодаў і камфорту фэстывалю можна паставіць восем зь дзесяці. Усё ж тры прыбіральні (яшчэ дзьве, праўда, былі замаскіраваныя ў рэлакс-зоне) крыху замала для такой буйной аўдыторыі. Ды і ў намётавым мястэчку добра б было прадугледзець якую-небудзь бочку з вадой. Ну і нарэшце двух пунктаў харчаваньня недастаткова. Хоць зь іншага боку велізарным плюсам зьяўляецца той факт, што звыклая для большасьці замежных фэстываляў забарона для мангалаў тут адсутнічала. Чым і скарысталіся многія адпачывальнікі.

Арганізатары прадугледзелі дзьве канцэртныя пляцоўкі. Першая (малая) займала сваё звыклае месца ў садзе недалёка ад хлява. А другая (вялікая) вельмі ўдала разьмясьцілася ля падножжа гары такім чынам, што гледачы маглі сябе адчуць у своеасаблівым прыродным амфітэатры. Пакаты схіл ствараў адчувальны камфорт. Бо можна было пакачацца на сьвежым сене і заадно назіраць за ўсім, што адбываецца на сцэне. Хтосьці нават прытарабаніў надзіманую канапу і назіраў за тым, што адбываецца, з падвышанымі выгодамі.

Адкрыў фэст забіяцкі балотны этна-панк ад «Нагуаль». Калектыў Лёні Паўлёнка вельмі ўдала ўпісаўся ў канцэпцыю фэстывалю, а менавіта — новае этна. Палова гледачоў разьмясьцілася на схіле, а самыя актыўныя адпальвалі на пляцоўцы перад сцэнай. Разам з усімі весялілася й карычневая такса памерам з пацука сярэдніх памераў. Сабака насіўся па паляне і адрываўся пад забіяцкія этна-рытмы «Нагуаля» як прашараны фэн.

У той час, калі «Нагуаль» задаваў першы зарад пазытыву прысутным гледачам і сабаку, Жэня Калмыкоў распачаў першы ў гісторыі адкрыты чэмпіянат Беларусі па кіданьні каровіных кізякоў. Усё было па-сапраўднаму спартова. Хлопцы і дзяўчаты з нумарамі на вопратцы зь вялікім азартам кідалі ўніз са схілу каровінае лайно. Гэта відовішча карысталася ня меншай папулярнасьцю, чым выступ «Нагуаль».

Па выніку ў спаборніцтвах такога высокага рангу (бо ня кожны дзень у нас праходзяць чэмпіянаты сьвету) перамог мянчук Дзяніс Ложкін, які здолеў зарадзіць гэты снарад аж на 62.5 мэтры, усталяваўшы тым самым першы нацыянальны рэкорд у гэтай дысцыпліне. І адхапіў заслужаную скрыню шампанскага на галоўнай сцэне.

Пасьля невялікага перапынку ў дыджэйскай бітве сышліся Бадзьян Саўна Сістэм (Украіна) на вялікай сцэне, і DJ Wojcio (Польшча) на малой. Польскі дыджэй з папулярнымі рытмамі атрымаў пераканаўчую перамогу над яго ўкраінскім калегам. Каля малой сцэны ў адзінай славянскай дыскатэцы адрываліся каля трохсот чалавек. У той час як за выступам Вадзіма Кулікова назірала ня больш за сто. І, тым ня менш, беларуская публіка, ды і сам фэстываль у цэлым, пакінулі ў яго выдатныя ўражаньні. «Толькі вось піва не прадаюць», — панаракаў украінец.

У прынцыпе, увесь музычны складнік фэсту нагадваў нейкае спаборніцтва. Выступы на вялікай і малой сцэнах праходзілі адначасова. Наступнай парай апынуліся расейцы «Комба Бакх» (вялікая сцэна) і нашыя Apple Tea (малая). Малая сцэна зноў атрымала пераканаўчую перамогу. Этна-джаз ад яблычнай гарбаты сабраў значна больш гледачоў, чым праваслаўны славянскі рэп з украпінамі беларускамоўнага фальклёру ад кастрамічоў. Па словах гумарных хлопцаў з «Комба Бакх», яны выменялі зборнік анталёгіі беларускай народнай песьні на партрэт нейкага Лукашэнкі. «Цяпер у нас няма партрэта», — крыху сумуюць музыкі, але затое «песьні вельмі добрыя і ўтульныя». І «абмен атрымаўся вельмі выгодны». Спадабалася расейцам і атмасфэра фэсту: «Людзі загараюць, талерачку кідаюць, усе задаволеныя, усё шчасьлівыя». З чым уласна нельга не пагадзіцца. І піва ў нас аказваецца значна лепш расейскага.

Між тым сьцямнела. І на вялікай сцэне зьявіўся геніяльны дуэт акардэона і ўдарных «Гурзуфф». На працягу гадзіны публіка знаходзілася ў аўтэнтычным трансе. Запаўненьне было такім, што стваралася ўражаньне наяўнасьці на сцэне малога сымфанічнага аркестру.

>

А ў гэты час на малой сцэне ўдзельнікі Morfe Acoustic Band зладзілі сапраўдную дыскатэку 21 стагодзьдзя. Людзі танчылі нават седзячы: на траве і нават на дрэве. На самой справе, вельмі складана ўтрымаць цела нерухомым пад завадныя армянскія, габрэйскія, балканскія мэлёдыі. Асабліва калі іх суправаджае выразны ўдарны біт.

А завяршалі асноўную праграму сэрбы з Shazalakazoo. Стыль, які яны самі называюць фолькстэпам зачапіў натоўп, у якім хутка залунаў сэрбскі сьцяг. А «славянскія сёстры і браты» ў адзіным парыве адказвалі на прывітаньні са сцэны дружным: «Еееу!» Сэрбы проста дабілі непадрыхтаваных да такога руху беларусаў. І калі ў кагосьці яшчэ заставаліся сілы паглядзець diy-фільмы пад адкрытым небам ці танчыць да раніцы ў мясцовым хлеўчыку, то асабіста ў мяне моцы хапіла толькі дабрацца да машыны, загрузіцца на задняе сядзеньне ды п’янаму і шчасьліваму адправіцца дахаты.

Калі сказаць, што фэстываль атрымаўся, дык лепш не казаць нічога. Арганізатары паднесьлі беларускай публіцы (у якой  з-за фінансавых праблем магчымасьцяў наведаць замежныя фэсты значна паменела) у канцы лета выдатны падарунак. Спрычынілася і надвор’е, якое было проста выдатным. 

Карацей, віншую вас, суайчыньнікі. Урэшце мы здабылі сапраўдны фэстываль эўрапейскага ўзроўню. Да сустрэчы ў наступным годзе… Асабіста я для сябе месца пад намёт ужо заслупаваў:)

+ Вялікі фотарэпартаж з «Вольнага паветра» 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0671 seconds.