Фэсталета-2013: 7 лепшых беларускіх оўпэн-эйраў

Яшчэ 5 гадоў таму артыкул з такім назовам выглядаў бы жартам. Але цяпер беларускія оўпэн-эйры сапраўды выраслі і прапануюць разнастайнасць як месцаў правядзення, гэтак і атмасфераў: гэта лета адзначыцца мінімум пяццю значным фестывалямі пад адкрытым небам. І гэта ўсё нягледзячы на шматлікія чыста беларускія асаблівасці: роты міліцыянераў па перыметру, забарона на піва і іншыя напоі, «адрэдагаваны» ідэолагамі лайнап. Generarion.by паклапаціўся пра твой час і ў традыцыйным фармаце выбраў сем лепшых беларускіх фэстаў, якія варта наведаць гэтым летам.

Пікнік.by

  • Калі: 29 чэрвеня
  • Хто: «Разбітае сэрца пацана», S°unduk, «Крама», Botanic Project, Clover Club, :B:N:, «Красные звёзды», Паліна Рэспубліка, «Гаротніца», «Нагуаль», Recha, «Людзі на балоце», Guda, The Road Dogs, «Всё Crazy», Step Hall, Artefact, «Дядьки», «Тесто», «Плагиат»

Лёгкі і сапраўды «летні», «Пікнік.by» ладзіцца вядомым менскім клубам «Графіці». На гэтым можна было б паставіць кропку і параіць звярнуцца да ўжо стандартных для Шаблёў двух сцэнаў выступоўцаў: гэта 21 гурт — здаецца, усё, ці амаль усё, каго можна было б запрасіць на прытойны беларускі оўпэн-эйр. Абяцаныя ёгі, дыджэі і гульні пад адкрытым небам з вялікім намётавым мястэчкам самага музычнага хутару ў Беларусі робіць наведванне «Пікніка» абавязковым мерапрыемствам для кожнага, хто не хоча згубіць гэта лета.

Болей інфы

  • Дзе: комплекс «Камарова»
  • Колькі: квіток — 200 тыс.

Мост

  • Калі: 2–3 ліпеня
  • Хто: Bullet For My Valentine, Louna, «Слот», «Дай Дарогу!», Akute, Yellow Brick Road, Земфіра, «Петля Пристрастия», J-МОРС, HURTS, The Toobes, Lumen.

Усё той жа аэрадром, толькі начынка гэтым разам смачнейшая: у якасці хэдлайнераў — брытанскія гурты Hurts і Bullet For My Valentine, а таксама расейцы Lumen і Земфіра. Беларуская складаючая «Масту» разнастаіцца ўжо нячастымі гасцямі оўпэн-эйраў J-МОРС, а таксама паўсюднымі Akute, Yellow Brick Road, «Дай Дарогу!» і іншымі харошымі людзьмі. Аднак такую колькасць зорак апынулася складана змясціць у адзін дзень, таму фэст разросся да двух з адпаведнымі наступствамі ў выглядзе намётавага мястэчка і двух сцэнаў. Дзяржаўнае свята 3 ліпеня, што прыпадае на фестывальны ўікэнд, можа стаць як патэнцыйнай выгодай «Маста» (нагода збегчы з гораду на час усеагульнага патрыятычнага парыву) , гэтак і пагрозай для добразычлівых грамадзян (збегчы альбо проста пагуляць па-за горадам пажадаеш не ты адзін).

Болей інфы

  • Дзе: аэрадром «Баравая»
  • Колькі: 500–750 тыс. за два дні

Басовішча

  • Калі: 19–20 ліпеня
  • Хто: VINSENT (BY), AKUTE (BY), THE TOOBES (BY), POKRAK (PL), CLOVER CLUB (BY), DZIECIUKI (BY), ORKIESTRA KLEZMERSKA TEATRU SEJNEŃSKIEGO (PL), PERKALABA (UA), INDIOS BRAVOS (PL), RE1IKT (BY), DIED MOROZ CONVENTION +3 (PL), HOPE ON (PL), LO&FRIENDS (PL), KINIOR & ZABELOV (PL/BY), POMIDOR/OFF (BY), KIM NOWAK (PL), MASALA SOUNDSYSTEM (PL), дыджэі з Беларусі, Польшчы ды Злучанага Каралеўства.

Болей «беларускага» фэсту ў свеце цяжка знайсці, хоць і адбываецца ён за межамі краіны. «На «Басы» традыцыйна запрашаюцца як музыкі з розных «чорных пісаў», а ад таго нязменна папулярныя і эксклюзіўныя, гэтак і проста тыя, хто ў трэндзе. Сёлета ў трэндзе апуныліся Akute (хлопцы з Магілёву, падаецца, пабываюць на сцэнах усіх топавых летніх рок-фэстах), Але беларуская складаючая фэсту гэтым годам значна скарацілася: з Беларусі прыедуць толькі 7 гуртоў — затое ўзмаціналася «арт» складаючая фэсту. На «Басовішчы» ў ролі перформеру нечакана з’явіцца вядомы дызайнер Уладзімір Цэслер, троху польскіх і беларускіх мастакоў, а таксама ўжо абавязковыя для фэсту дыджэі.

Болей інфы

  • Дзе: Гарадок, урочышча Борык, Польшча
  • Колькі: Уваход вольны, але за права разбіць намёт на 2 ночы даведзецца выдаткаваць суму ў $4–7

Freaky Summer Party

  • Калі: 3 жніўня

Штогадовы летні фестываль актыўных рухаў у фармаце утульнага пікніка з добрымі сябрамі. З фірмовымі пачастункамі, абсентавыми кактэйлямі і піўнымі гульнямі, бясконцай музыкай і арт інсталяцыямі. Што дакладна сёлета чакае наведвальнікаў пакуль невядома, аднак арганізатары абяцаюць заставацца блізка да традыцый.

Болей інфы

  • Дзе: Камсамольскае возера, Менск

ROCKachev

  • Калі: 23–24 жніўня
  • Хто: Stigmata, Sciana, Naka, Litesound, «Валентин Стрыкало», «Мутнаевока», Fail Emotions, Nuteki, Sex, Martin S, Nizkiz, Amaroka, 3t. ON, Hurma, P. S. , One Exception, Slivers Cross, Andrea Gail, Bedlam444, «Трактиръ», Viscula, Alex Sigmer, Evil Not Alone, EVO, Aspirin Rose, Digimortal, Change of Loyalty, My Death Not For Me і іншыя.

Арганізатары называюць фэст «буйнейшым у Беларусі», ладзяць аўтобусныя туры з «20 гарадоў краін СНД» (пераважна беларускіх) і чакаюць да 10 тысячаў гасцей. Дзівосны фэст, рэкламы якога ў публічнай прасторы амаль няма, прыцягвае і чытачоў Generation.by: менавіта ROCKachev займеў перамогу ў нашым невялікім галасаванні ў Твітэры на тэму, на які фэст варта з’едзіць гэтым летам. Звышпапулярных замежных гуртоў на фэсце чакаць не варта, але, выглядае, арганізатары паспрабавалі прывезці на ROCKachev усіх, хто здольны рухацца і граць рок і ягоныя разнавіднасці. Адзіная неспадзяванка для тых, хто пажадае наведаць старажытны горад на беразе Дняпра: вялікая спакуса ў выглядзе трох паралельных фэстаў, што пройдуць у гэтыя самыя дні ў Шаблях, Гальшанах і Рэчыцы. Зрэшты, ніхто не забараняе зладзіць невялікі тур: на шчасце ад Рагачову да Рэчыцы троху болей за сотню кіламетраў.

Болей інфы

  • Дзе: Рагачоў
  • Колькі: 150 тыс.

Вольнае паветра

  • Калі: 24 жніўня
  • Хто: Feindrehstar, Kriwi, Re1ikt, Theodor Bastard, Namgar, Масуд Талібані і група Awindar

«Вольнае паветра» — адзін з самых міжнародных фэстаў гэтага лету, калі глядзець на канцэнтрацыю замежных гуртоў: беларускія гурты на ім рызыкуюць скласці меншасць. Асабліва ўлічваючы паходжанне пашпартоў большасці хэдлайнераў — гэта і немцы, і расейцы, і бураты, таксама, зрэшты, з Расеі. За пяць гадоў этна-фэст займеў нядрэнную рэпутацыю, якая дазваляе выдаць яму крэдыт даверу і размесціць ягонае імя ў спісе топавых фэстаў лета. Як яшчэ, калі і назоў такі рамантычны?

Болей інфы

  • Дзе: хутар Шаблі
  • Колькі: 90-200 тыс.

Камяніца

  • Калі: 7-8 верасня

Адзін з найбольш душэўных фэстаў ля Менску, які звычайна гарантуе прыемны вечар у праменях ласкавага восеньскага сонцу ў кампаніі людзей, апранутых у нацыянальныя строі, шматлікіх раварыстаў (на шчасце Строчыцы знаходзяцца ад кальцавой у некалькіх кіламетрах) і велічных млыноў з Палесся. Хаця лайнап «Камяніцы» яшчэ не агучаны, большасць выступоўцаў фэсту даволі лёгка прадказаць, бо ён мае фолькавую накіраванасць. Зрэшты, арганізатары збіраюцца значна змяніць фармат фэсту, пашырыўшы яго на 2 дні і тры сцэны (дадатковыя для дзіцячых калектываў і кінапаказаў). Конкурс гуртоў таксама абвешчаны. Адзінае, што можа азмрочыць першую вялікую музычную падзею пасля вакацый — уваходжанне ў дзеянне новага парадку атрымання дазволу ад ідэолагаў на арганізацыю канцэртаў. «Камяніцы» давядзецца адчуць на сябе ўвесь абсурд новых правілаў першым.

Болей інфы

  • Дзе: Строчыцы, Менскі раён
  • Колькі: кошт квітка ў музей у Строчыцах — 15–20 тыс.
І яшчэ

5 фэстаў не для ўсіх

Канешне, мы на кагосьці забыліся, але гэта таксама сведчанне часу: фестываляў пад адкрытым небам значна болей, чым можа змясціцца ў пяцёрку.

comments powered by Disqus
 
In 0.1076 seconds.