Стрыт-арт група Duedro: «Дзень памалявалі, дзень адпачылі і зноў маляваць»

20-гадовыя стрыт-арцеры Стас і Кірыл з Віцебску падарылі ўчора сталічнай пешаходнай вуліцы сваю новую 3D-працу. Будзьце асцярожнымі, вас могуць падслухоўваць і вешаць локшыну на вушы. Дуэт Duedro пра хітрасці малявання і сваё бачанне Карла Маркса ў правалах ды пячорах.

Віцебскі мастацкі дэсант учора высадзіўся ў цэнтры Менску: маладыя мастакі Стас і Кірыл, якіх ў сваім горадзе ужо пазнаюць у твар, цешылі сталічных аматараў стрыт-арту. 3D-малюнак пра тое, як вешаецца локшына на вушы, ды што нехта падслухоўвае тэлефонную размову, і цяпер можна знайсці ў некалькіх метрах ад галоўнага будынка КДБ каля скрыжавання Камсамольскай і Карла Маркса. 

«Не хочацца шукаць падтэкст нейкі, але можна што-небудзь прыдумаць, калі падумаць наконт локшыны і вушэй», — тлумачыць сэнс малюнка Стас.

Мастацкі дуэт Duedro з двух студэнтаў-дызайнераў за свае няпоўныя тры гады існавання ўжо паспеў захапіць сімпатыю віцебскіх жыхароў. На рахунку мастакоў больш за 40 вялікіх прац у тэхніцы 3D. Танкі, цягнікі, жанчыны, дзеці, цмокі і нават Спанч Боб. Усім гэтым калісьці маглі захапляцца віцебчукі, але малюнкі засталіся толькі на фотаздымках у інтэрнэце. Справа ў тым, што хлопцы малююць крэйдай, таму працы іх доўга не затрымліваюцца на вулічных палотнах. 

«Нішто не вечна. Калі маляваць увесь час фарбай, атрымаецца зашмат малюнкаў, а так — знікла праца, а мы новае нешта намалявалі. Да таго ж на фарбы патрэбны дазвол, а з крэйдай ніякіх праблем», — разважаюць вулічныя мастакі.

Аднакласнікі Стас і Кірыл скончылі школу з мастацкім ухілам, складанай тэхніцы 3D малюнка пакрысе вучыліся самі, шляхам спробаў і памылак. І давучыліся да таго, што пазалетась былі запрошаныя на міжнародны фестываль 3D-малюнкаў у Санкт-Пецярбург. Адзіныя прадстаўнікі з Беларусі, віцебскія стрыт-арцеры занялі другое месца. Пасля хлопцамі зацікавіўся мясцовы Цэнтр сучаснага мастацтва, падтрымаў некалькі праектаў і запрасіў удзельнічаць у выставе. Сюжэты для ўсіх сваіх прац хлопцы прыдумляюць самастойна. 

«Ідзеш, ідзеш, і ў галаву нешта стрэльнула — адразу маляваць, альбо музыку нейкую паслухаў, — расказваюць юнакі пра стварэнне малюнкаў. — Увогуле шмат працэсу за кадрам застаецца, трэба купіць пастэль, знайсці добрае месца, намаляваць эскіз на паперы альбо планшэце. Дарэчы пачак пастэлі каштуе 120 тысяч, і калі параўноўваць напрыклад з балончыкам гэта будзе напэўна танней. Наконт частаты, малюем мы прыблізна раз у тры дні. Дзень памалявалі, дзень адпачылі і зноў можна маляваць».

На такім мастацтве відавочна асабліва не заробіш. Але хлопцы запэўніваюць, што кайфуюць, калі людзям падабаецца. Сустракаюцца таксама і незадаволеныя мінакі, што бурчаць на студэнтаў, але такіх, кажуць, 1 на 100. Як прыемны бонус за працаёмкі творчы працэс —  камерцыйныя замовы ад прыватных арганізацый. Адну з такіх можна пабачыць і ў Менску ля дзвярэй крамы гандлёвай сеткі «Віталюр». Стрыт-арцеры таксама не супраць прыхарашыць і значна большыя памеры асфальту.

«Вось вуліца цудоўная, і калі атрымаць дазвол і фарбы, мы б маглі зрабіць тут усімі любімыя правалы, пячоры і ўсялякае падобнае, — паказваюць Стас з Кірылам на Карла Маркса. — Усе проста просяць заўсёды правалы ў асфальце, відаць нагледзеліся гэтых малюнкаў з ЗША ды Англіі. Насамрэч, пытанне толькі ў часе, матэрыялах ды дазволе. Сто метраў вуліцы мы размалявалі б за тыдні паўтары. Толькі валанцёры патрэбныя. Але ўлады такое не моцна любяць. Трэба будзе ўзгадняць эскіз, пачнуцца пытанні, чаму правал у цэнтры Мінска? Ідэалогія скажа, маўляў, што такое, а дзе ж кветачкі і радасныя людзі?!»

Болей здымкаў нядзельнага вечару на пешаходнай вуліцы Менску.

Фота: Юра Сідун


Наста Darteco 13:18, 19.08.2013 | Групіроўка |




comments powered by Disqus
 
In 0.0629 seconds.