Тэкст пра тое, чаму сучасная моладзь адчувае сябе няшчаснай, стаў хітом інтэрнэта

Яшчэ адзін артыкул пра асаблівасці Пакалення Y стаў хітом сеціва. Болей 500 тысяч лайкаў сабраў тэкст пра тое, чаму Gen Y адчуваюць сябе няшчаснымі, калі спрабуюць дасягаць вяршыняў у розных сферах працы. Generation.by прапануе адаптаваны пераклад нашумелага артыкулу сайта Waitbutwhy, у якім моладзь свету пазнае сябе і тое, чаму штосьці ідзе не так, як хочацца.

У гэтым годзе тэма Пакалення Y надзвычай папулярная. Зусім нядаўна Generation.by перакладаў нашумелы артыкул часопіса Time "Me Me Me Generation".

Пазнаёмцеся з Люсяй. Яна — тыповая дзяўчынка з пакалення Y, сучаснай моладзі, якая нарадзілася ў канцы 1970-х да сярэдзіны 1990-х гадоў. Люся таксама належыць да культуры Яппі ("young urban professional") — маладых гарадскіх прафесіяналаў, якія складаюць большую частку Gen Y на планеце.

Яппі з пакалення Y заслугоўваюць адмысловага тэрміна — кшталту супер-пупер-яппі Y, або проста Пупер, ці нават Пупкі. Пупкі — гэта ўнікальны від офіснага планктону, які лічыць сябе галоўнымі героямі нейкай вельмі асаблівай гісторыі.

І так, Люся атрымлівае асалоду ад свайго пупер-жыцця, і яна вельмі радая быць Люсяй. Толькі адна дробязь:

Люся неяк не надта шчаслівая.

Для таго, каб зразумець, чаму ж так, нам трэба вызначыць, што такое шчасце або няшчасце. І для гэтага ёсць простая формула:

Усё трывіяльна: калі рэальнасць кагосьці аказваецца лепш, чым яго чаканні, ён шчаслівы. Калі рэальнасць аказваецца горш, чым спадзевы, наш герой адчувае сябе няшчасным.

Каб лепей зразумець кантэкст, мы пазнаёмімся з бацькамі Люсі. Вось яны:

Бацькі Люсі былі народжаныя ў 50-я — 60-я гады, у часы Вялікай нараджальнасці. Іх выхоўвалі дзядулі і бабулі Люсі, якія з'яўляюцца часткай пакалення герояў, што перажыло страшэнныя часы войнаў і рэпрэсій. Відавочна, што яны не з'яўляюцца Пупкамі.

Дзядулі і бабулі Люсі былі апантаныя думкамі аб эканамічнай бяспецы і стабільнасці кшталту «абы не было вайны», і яны навучылі бацькоў Люсі будаваць практычную ды надзейную кар'еру. Дзядулі і бабулі заўсёды хацелі, каб трава на газоне бацькоў Люсі была зелянейшай, чым іх уласная. Такім чынам, бацькі Люсі гадаваліся з думкамі аб кар’еры, якая квітнее і расце кшталту гэтай травы: 

Яны былі ўпэўнены, што нічога не спыніць іх у імкненні да гэтай сакавітай зялёнай кар’ернай паляны, але ім трэба будзе пакласці гады жыцця і цяжкай працы, каб зрабіць яе рэальнасцю.

Пасля заканчэння ўніверсітэтаў і бесклапотных студэнцкіх гадоў, бацькі Люсі накіраваліся да сваіх кар'ерных мэтаў. У выніку, у 70-90-х гадах свет атрымаў беспрэцэдэнтны эканамічны росквіт. Бацькі Люсі зрабілі ўсё нават лепей, чым яны чакалі. Гэта надало ім задаволенасці і аптымізму. 

З мяккім і больш станоўчым жыццёвым вопытам, чым досвед іх уласных бацькоў, бацькі Люсі выхавалі дзіця з пачуццём аптымізму і бязмежных магчымасцяў. І яны не былі адзінымі. Пасляваеннае пакаленне вялікай нараджальнасці па ўсім свеце выхоўвала сваіх дзяцей (пакаленне Y) з думкамі аб тым, што яны могуць стаць, кім захочуць. Такім чынам, бацькі закладвалі пачуццё ўнікальнасці глыбока ў псіхіку сваіх дзяцей.

Гэта прывяло да таго, што Пупкі ўспрымаюць уласныя кар'ерныя чаканні асабліва аптымістычна і кар'ерныя газоны іх бацькоў здаюцца ім недастаткова зялёнымі. Сапраўдны газон у Пупка павінен быць з кветачкамі! 

Гэта прыводзіць нас да першага факту аб Пупках:

Пупкі дзіка амбіцыйныя

Пупок чакае ад сваёй кар’еры нашмат болей, чым прыгожай зялёнай паляны з стабільнасці і росквіту. Справа ў тым, што такая кар’ерная паляна недастаткова ўнікальная і індывідуальная для Пупка. Калі пасляваеннае пакаленне марыла жыць у светлай будучыні, то Пупок хоча жыць у сваёй персанальнай светлай будучыні.

Даследаванні кніг паказваюць, што толькі ў апошнія 20 год у друку сталі папулярныя выразы кшталту «кіравацца сваёй апантанасцю». У той жа час фразы тыпу «надзейная кар’ера» ўжываюцца ўсё меней, але «паспяховая кар’ера» наадварот часцей і часцей.

Каб было больш зразумела, Пупкі хочуць эканамічнага дабрабыту гэтак жа , як іх бацькі. Проста Пупкі, у дадатак хочуць настолькі крута самарэалізавацца ў кар'еры, наколькі іх бацькі ў свой час нават не марылі.

Але адбываецца штосьці яшчэ. У той час, як кар'ерныя мэты пакалення Y становяцца ўсё больш унікальнымі і амбіцыйнымі, Люся атрымлівае другое паведамленне з свайго дзяцінства: 

Цяпер самы час адзначыць другі факт пра Пупкоў:

Пупкі часта трызняць

Люся разважае: «Вядома, цяпер кожны пойдзе і зробіць сабе крутую кар’еру, але я ж настолькі незвычайная, што мае дасягненні і маё жыццё будуць усё роўна вылучацца з натоўпу». Такім чынам, у гэтым пакаленні, акрамя кар'ернага зялёнага газона з кветачкамі, кожны Пупок думае, што яго чакае нешта ўнікальнае і індывідуальнае —

Бліскучы Адзінарог зверху над кветачкамі! 

Але чаму гэта трызненне? А таму, што так думае кожны Пупок. Бо ён асаблівы! А асаблівы — значыць не як усе астатнія. Але, калі ўсе асаблівыя, то гэта трызненне.

Нават цяпер, Пупок чытае гэты артыкул і думае: «Ха! Нядрэнна сказана, але я на самой справе адзін з нямногіх па-сапраўднаму асаблівых», — і ў гэтым праблема.

Другая хваля трызнення накрывае Пупка, калі ён уваходзіць на рынак працы. У той час, як бацькам Люсі спатрэбілася шмат гадоў цяжкой працы для дасягнення мэтаў, Люся разважае, што паспяховая кар'ера — гэта натуральная з’ява для такой унікальнай персоны, як яна. І ўсё, што трэба — гэта крыху часу і выбраць, чым бы заняцца. Яе чаканні перад стартам кар'еры выглядаюць прыкладна так: 

На жаль, але пацешная рэчаіснасць гэтага свету ў тым, што аказваецца пабудаваць кар'еру даволі няпроста. Вялікія кар'еры зарабляюцца гадамі поту, слёз і крыві. Нават тыя, што без кветачак на газоне і без адзінарогаў. Нават самыя паспяховыя людзі рэдка робяць нешта такое вялікае і займальнае ў свае 20-30 год.

Але нашы Пупкі — не з тых, хто можа проста прыняць гэта.

Прафесар Paul Harvey з University of New Hampshire у ходзе вывучэння дадзенай праблемы зрабіў выснову, што людзям з пакалення Y характэрныя «нерэалістычныя чаканні і моцны супраціў да прыняцця негатыўных водгукаў», а таксама «завышаная самаацэнка». Прафесар распавядае: «Вялікай крыніцай расчараванняў для людзей з моцным пачуццём уласнай праваты з'яўляюцца недасягнутасць чаканняў. Яны часта ўпэўненыя, што маюць права на высокі ўзровень павагі і ўзнагарод, хоць на самай справе іх фактычныя здольнасці не вартыя гэтага. Такім чынам яны часта не атрымліваюць таго, што чакаюць атрымаць».

Для тых , хто наймае на працу пакаленне Y, містэр Harvey раіць задаваць на сумоўі пытанне: «Ці адчуваеце Вы звычайна, што пераўзыходзіце сваіх калег. І калі так, то чаму?». Прафесар адзначае: «Калі кандыдат адказвае «так» на першае пытанне, але марудзіць на пытанні «чаму?», гэта можа быць пэўным знакам». Так адбываецца, бо часцяком пачуццё ўласнага ўспрымання заснавана на неабгрунтаваным пачуцці ўласнай перавагі. Хутчэй за ўсё, гэта адбываецца ў дзяцінстве, з-за клапатлівага пераканання ў тым, што Пупок вельмі асаблівы, хоць часта гэта абсалютна беспадстаўна.

І паколькі рэальны свет мае нахабства ўсё будаваць на падставе заслужаных дасягненняў, праз некалькі гадоў пасля атрымання адукацыі Люся знаходзіць сябе тут:

Завышаныя амбіцыі Люсі ў спалучэнні з фанабэрыстасцю і памылкамі наконт самой сябе пакідаюць яе значна ніжэй той планкі, якую яна сабе задала ў першыя гады кар'ернага шляху. Яе рэальнасць шэрая ў параўнанні з чаканнямі, яе адзнака шчасця ў выніку выходзіць у мінус.

Але ўсё яшчэ складаней. У Пупка ёсць яшчэ адна праблема, якая належыць да ўсяго пакалення Y:

Зайздрасць

Вядома, некаторыя аднагодкі бацькоў Люсі больш паспяховыя. І хоць час ад часу бацькі Люсі могуць дачуцца пра поспехі некаторых з сваіх аднакласнікаў, у асноўным жа яны проста не маюць інфармацыі аб рэальных дасягненнях большасці з тых, з кім вучыліся некалі.

Люся ж, у гэты час, знаходзіцца пад пастаянным уплывам сучаснага феномену: карціны поспеху, што малююць сацыяльныя сеткі.

Сацыяльныя сеткі ствараюць для Люсі свет, у якім:

  1. Усё, што робяць астатнія, адкрыта і вядома.
  2. Большасць людзей прадстаўлены палепшанай версіяй сябе сапраўднага.
  3. Людзі звычайна паказваюць сябе толькі ў моманты поспеху, а ў моманты крызісаў яны сядзяць цішком.

Гэта пакідае Люсі памылковае адчуванне таго, што ўсе вакол яе больш паспяховыя, і яшчэ болей узмацняе яе пакуты :

Вось некаторыя парады для Люсі:

  1. Заставайся дзіка амбіцыйнай. Сучасны свет бурліць магчымасцямі для амбіцыйных людзей, якія хочуць дамагчыся поспеху і пасадзіць кветачкі на сваім газоне. Абраны кірунак можа быць спачатку недакладным, але дарога вызначыцца сама сабой, варта проста працягваць ісці.
  2. Перастань думаць, што ты асаблівая. Справа ў тым, што менавіта сёння ты не асаблівая! Пакуль ты проста яшчэ адна зусім неспрактыкаваная маладая персона, у якой ёсць не так шмат, каб прапанаваць іншым. Але ты можаш стаць асаблівай праз доўгую і вялікую працу.
  3. Ігнаруй астатніх. Паляна іншых людзей заўсёды выглядае зелянейшай, гэта не новая канцэпцыя. Але ў сучасным свеце часам чужыя газоны выглядаюць проста казачнымі лугамі. Праўда ж у тым , што ўсе астатнія такія ж нерашучыя, скаваныя і расчараваныя, як ты. І калі ты проста будзеш рабіць сваю справу, то ніколі не будзеш мець ніякіх падставаў зайздросціць іншым. 

22:00, 01.10.2013 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.0754 seconds.