Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць

Новыя альбомы гурта BosaeSonca выклікалі дружны хор захаплення ў музычных крытыкаў. Алесь Кот-Зайцаў — музыкант, які вучыўся на архітэктурным факультэце БНТУ рабіць дызайн у прыбіральнях катэджаў багатых беларусаў, але кінуў гэты творчы шлях, не распачаўшы. Алесь развівае цяпер сваю музычную кар’еру ў Маскве. Але мы злавілі яго ў Менску, каб пагаварыць для серыі «Кім я стану, калі вырасту» пра тое, кім расце новае пакаленне беларускіх паспяховых музыкантаў, пра дзіцячыя мары і пра тое, як вяртацца ў Беларусь.

Самы збалаваны і прыдзірлівы — беларускі слухач

Для мяне самы збалаваны і прыдзірлівы — беларускі слухач. Па досведзе тых канцэртаў, што мне давялося адыграць у Маскве ці іншым замежжы, збольшага нас успрымаюць на «ўра» і неяк злобных каментароў з падкавыркай амаль няма. А ўвогуле я прывучваю сябе апошнім часам не чытаць каментары, бо як зазвычай добрага чалавек не напіша, ён падумае і пойдзе далей радасны па сваіх справах, а каму хочацца атрутай пляснуць, той заўжды за радасць. Усё што я раблю, я раблю з адкрытай душой, і калі туды пачынаюць трапляць прыскі атруты, то застаецца непрыемны асадак.

«Давай яшчэ па-беларуску!»

Пасля года прыбывання ў Маскве, я зрабіў такую выснову — у нас зашмат міфаў і стэрэатыпаў пра Маскву і яе жыхароў, што там так страшна, што немагчыма жыць. Насамрэч і горад вельмі прыемны, і рэакцыя на беларусаў там абсалютна адэкватная. Мы нядаўна гралі на разагрэве ў вельмі крутога спевака — YOAV i праспявалі адну песню па-беларуску, пасля якой я пачуў нават выкрыкі з залі: «Давай яшчэ па-беларуску!». Рэакцыя на беларускую альбо нейтральная, альбо пазітыўная. Калі толькі ехаў у Маскву, шмат хто са знаёмых беларусаў казаў, што не адчуваецца, што там можа пракаціць музыка па-беларуску. Не магу сказаць, што прам усе «Ваў, беларуская мова, як крута!», але досыць нармальна ўспрымаюць, таму пакуль пішу на абедзвюх мовах.

Цяпер смешна гэта ўзгадваць, але я быў фанам «На-на»

У мяне такая сітуацыя, калі смела можна сказаць: «Будзьце асцярожныя, мары здзяйсняюцца». У розныя перыяды свайго жыцця мне хацелася стаць альбо тэлевядоўцам альбо музыкам. І я на бацькоўскім касетніку «Вега» ўрубаў гурт «На-на», апранаў самы прыгожы касцюм і ўяўляў, што выконваю песню «Упала шляпа». Цяпер смешна гэта ўзгадваць, але я быў фанам гэтага гурта. 

Сядзець на даху, размаўляць пра Высокае, папіваючы вермут

Як усе нармальныя дзеці, я ленаваўся вучыцца. У школе мне падабаліся хіба што першыя некалькі дзён пасля вакацый. У школе ў мяне не было сяброў. Усе мае сябры былі неяк звязаныя з музыкай. Таму школа для мяне была такой фармальнасцю. Бацькі ў пэўны момант вельмі мудра паступілі, яны перакрочылі праз сябе і змаглі мяне адпусціць ва ўсе цяжкія. Гэта быў вельмі вялікі давер. Бывала, я мог вярнуцца ў чатыры раніцы і бацькі не пыталі: «Дзе ты быў?». Было паразуменне. Мы да ночы маглі сядзець з сябрамі на даху, размаўляць пра Высокае, папіваючы вермут. 

Гэта была падзея ў маім жыцці 

Электрычную рокерскую гітару бацькі набылі мне, канешне, не адразу, але гэта была падзея ў маім жыцці. Я прыходзіў дадому, у мяне яшчэ не было ніякіх комбікаў, узмацняльнікаў, я наўпрост у музычны цэнтр урубаў і ўсё. Гітару прывёз мой настаўнік, габрэй з Нямеччыны, і прадаў напэўна ў разы даражэй, чым яна каштуе насамрэч, як гэта нармальна і бывае ў настаўнікаў-габрэяў :)

«Вы не разумееце, што вы робіце. Вы забіраеце хлопчыка з той сферы, у якую ён у любым выпадку вернецца»

Мае бацькі сябравалі з настаўніцай школы з музычным ухілам. І мяне проста туды і аддалі. Пачаў спяваць у хоры, іграць на баяне. Вучыўся на ім іграць чатыры гады, ён мне абрыд да неверагоднай ступені, не мог на яго глядзець у апошнія месяцы. Архітэктурна-мастацкі ліцэй — гэта была такая мэтанакіраваная спроба маіх бацькоў даць мне нейкую прафесію. Пасля школы з музычным ухілам, яны мяне аддалі туды. Там рыхтавалі наўпрост да паступлення ў БНТУ, то бок у мяне з пятага класу ўжо не было выбару. І калі мяне аддавалі ў гэты ліцэй, маю маці выклікала настаўніца па хору і сказала: «Вы не разумееце, што вы робіце. Вы забіраеце хлопчыка з той сферы, у якую ён у любым выпадку вернецца». 

Парушыць усе правілы

У ліцэі настолькі канкрэтна рыхтавалі, што калі звычайна ў 10-11 класах пачынаюць думаць, куды паступаць, то ў нас не было такіх думак ні ў каго. Мы ўсе рыхтаваліся да паступлення ў канкрэтны ўніверсітэт на канкрэтны факультэт. Раз на паўгады мы нават ездзілі ў гэты «Караблік» і з выкладчыкамі малявалі, яны нас праглядалі. То бок было ўсё мэтанакіравана, і сказаць у той момант бацькам: «Я туды не хачу паступаць» значыла парушыць усе правілы.

Выходзілі пасля трох гадзін рэпетыцый і размаўлялі жэстамі

Мой першы рок-бэнд быў у ліцэі. Назвы мы не мелі, збіраліся ў вельмі страшным памяшканні 2*3, з падлогі да столі сцены былі з кафлі. Раней гэта была нейкая душавая ці нешта такое. І там стаяла ўся апаратура, якая выкарыстоўвалася пры правядзенні розных лінеек. То бок яе магутнасць была разлічана на спартовую залю, а яна стаяла ў памяшканні 2*3 з кафлі. То можна было ўявіць, як гучалі нашыя рэпетыцыі. Мы выходзілі пасля трох гадзін рэпетыцый і размаўлялі жэстамі. Мы нічога не чулі, але ўсім было па кайфу, бо адчувалі сябе рокерамі, прыйшлі і ўдарылі.

Багема, якая на падаконнях з кубачкам гарбаты абмяркоўвае мастацтва

Ва ўніверсітэце ў нас была вельмі творчая атмасфера, бо архітэктары — гэта была свая каста. Калі ты навучаешся ў нейкай творчай ВНУ, там гэтай атмасферай прасякнуты ўвесь універсітэт, а ў нас было трошкі іначай. У нас быў адзін чацвёрты паверх, які быў аддадзены архітэктарам, усё астатняе займалі інжынеры, будаўнікі і г.д. І наш паверх быў такім аазісам творчасці, мы сядзелі на падаконнях, пілі гарбату. Нас нават недалюблівалі астатнія студэнты, бо праязджаючы па эскалатарах праз наш паверх, яны бачылі гэтую багему, якая на падаконніках з кубачкам гарбаты абмяркоўвае мастацтва. Гэта і выклікала такі пратэст у інжынераў і будаўнікоў. А нам было вельмі класна ў сваёй тусоўцы, мы шмат ездзілі, глядзелі розныя старыя сядзібы, замкі.

Я лепей заплачу 50 баксаў і пайду пагуляю

Самыя першыя грошы атрымаў ад студэнтаў, калі студэнтам рабіў пад замову праекты. У нас быў такі сродак заробку ў іншагародніх студэнтаў. Бо ёсць такія сталічныя дзеткі, маўляў, я лепей заплачу 50 баксаў і пайду пагуляю.

«Я хачу прыбіральню ў выглядзе пітона!»

На чацвёртым курсе ўніверсітэта пачаў ужо працаваць архітэктарам-дызайнерам, дакрануўся да рэалій і зразумеў, што гэтым мне нецікава займацца. Па жыцці была прага да свабоды, волі, адсутнасці штампаў. Я спрабаваў рабіць дызайн-праекты катэджаў заможных людзей. Зазвычай, мне прынамсі трапляліся людзі з сярэдняга класу, і гэта былі людзі абсалютна без густу. І калі табе кажуць: «Я хачу прыбіральню ў выглядзе пітона!», то на гэтых момантах увесь творчы падыход заканчваецца. Пераканаць цяжка, бо чалавек, у якога ёсць грошы, адчувае сваю ўладу, такую дыктатуру, ён цябе наймае і ён дыктуе, што ты мусіш рабіць. У выніку была прыбіральня з пітонам, па сценцы поўз такі вялікі з кафлі. Але перспектыва рабіць прыбіральні ў выглядзе пітонаў мяне не задаволіла.

З хваляваннем, мікрафонамі і незнаёмай публікай

BosaeSonca пачалося ў архітэктурным асяроддзі. Пачаў спяваць, усім так падабалася. І неяк узнікла ідэя зрабіць канцэрт. Была раней такая кавярня «Добрые мысли», з яе уласнікам я дамовіўся на канцэрт. І тады падумаў, ну раз канцэрт, то трэба ўжо і гурт рабіць. Была такая песня ў мяне BosaeSonca, так і назваліся. Тады знайшоў скрыпачку з нашага факультэту, удвух мы зрабілі канцэрт. Не ведаю якім чынам, але туды набілася столькі людзей, пры тым, што квіткі прадаваліся. Гэта вельмі натхніла, бо мы думалі, што прыйдуць сябры і будзе нешта накшталт тых пасядзелак, якія часта адбываліся ў інтэрнаце. А атрымаўся паўнавартасны канцэрт, з хваляваннем, мікрафонамі і незнаёмай публікай.

Месяцы два-тры абсалютнай дэпрэсухі

Пасля заканчэння ўніверсітэту, я зразумеў, што я працаваць архітэктарам не буду. У мяне быў вельмі складаны перыяд, бо я ведаў дакладна, што хачу займацца музыкай і не хачу займацца больш нічым іншым. Але чым канкрэтна займацца, каб гэта прыносіла нейкі заробак, я проста не ўяўляў на той момант. Пачаў пальцам у неба шукаць, куды сябе прыткнуць у гэтай творчай калямузычнай сферы. Было месяцы два-тры абсалютнай дэпрэсухі, я проста сядзеў і не ведаў, куды ісці. Але пакрысе я пачаў займацца і арганізацыйнымі справамі і культурніцкай журналістыкай. Так пачало складацца ў агульную карцінку, што на жыццё хапала і часу не заставалася, я быў абсалютна заняты. Мне нават не ставала часу на тое, каб засяродзіцца на музыцы.

Тое, што называецца рускім шоў-бізнесам, гэта свой космас, у які не хочацца трапляць

І вось кідаўся ад менеджменту да журналістыкі, ад журналістыкі да музыканцтва. І разрываўся, не ведаў, на чым сябе засяродзіць. Потым атрымаў прапанову паехаць у Маскву працаваць над музычным праектам. Ужо ёсць першыя вынікі, канцэрты, запісы, з’яўляецца свая аўдыторыя. Там пачынае набіраць моц хваля індзі-рока, незалежнай музыкі. І мы ў гэтай плыні працуем. А тое, што называецца рускім шоў-бізнесам, гэта свой космас, у які не хочацца трапляць. 

Бізнес, які можна параўнаць з прамысловай вытворчасцю

У Беларусі я сутыкаўся з такім менеджментам, падобным як у Польшчы: ты прыдумляеш праект, шукаеш пад яго фінансаванне і рэалізуеш. У Маскве ты мусіш зрабіць бізнес-план, пралічыць рэнтабельнасць. Збоку паглядзеўшы на менеджмент расійскі, магу сказаць, што ён больш падобны на бізнес, які можна параўнаць з прамысловай вытворчасцю. У нас арганізацыя культурных імпрэзаў — гэта сваё жыццё са сваімі правіламі. 

У Маскве шмат такіх вар’ятаў, нястрашна быць яшчэ адным

У мяне апошнім часам песні ўсе пішуцца, калі я іду па вуліцы альбо еду ў метро ці ў трамваі і пачынаю сачыняць песню. Класна, што зараз ёсць такая тэхніка. Едзеш у трамваі, дастаў дыктафон, запісаў. Напэўна збоку выглядае дзіўнавата, бабулькі аглядваюцца, вар’ят нейкі. Але мне ўжо нястрашна, я столькі раблю нелагічных рэчаў па жыцці. Зрэшты, у Маскве шмат такіх вар’ятаў, не страшна быць яшчэ адным. 

Нелагічнае жыццё

Маё жыццё ўсе нелагічнае. Я не пайшоў, як усе мужчыны, главы сямейства забяспечваць сям’ю, нараджаць дзяцей, ствараць ачаг. Мне нават цяжка растлумачыць па паліцах, чым я займаюся. Агулам я займаюся музыкай, але ясна, што на маёй прыступцы развіцця гэта не можа быць адзіным сродкам заробку. Я не Дзмітры Калдун, мне пакуль не плацяць вялікіх ганарараў, у мяне няма насычанага графіку выступленняў на карпаратывах. Але працы заўжды хапае, таму спыняцца не хочацца.

Калі цябе не запусцілі ў дзверы, ты мусіш залезці праз вакно

Я зараз ужо прыйшоў да таго, што асноўную частку свайго часу я аддаю музыцы. Не ведаю, наколькі атрымаецца так рабіць і надалей, але спадзяюся, што атрымаецца. Журналістам я сябе абсалютна не адчуваю. Мне аднойчы сказаў рэдактар аднаго выдання, што калі цябе не запусцілі ў дзверы, ты мусіш залезці праз вакно. Такі дакор, што я не змог зрабіць інтэрв'ю з чалавекам, не выканаў працу. Маўляў, што гэта за журналіст такі. І гэты досвед мне паказаў, што я не журналіст. У маім разуменні журналіст — гэта сур’ёзная прафесія, якая азначае, што калі будзе паводка ці вайна, то ты мусіш узяць апаратуру і на барыкады. А я ўсё ж такі не з той оперы. 

«Ай, ну я как-то не очень знаю этот язык белорусский»

У нас ёсць людзі, якія не прымаюць беларускую мову. Але калі ты жывеш у Беларусі, ты мусіш прымаць гэта як дадзенае, бо ну ты ж жывеш у гэтай краіне, як гэта не прымаць сваё. У маім разуменні, калі я нарадзіўся тут, гэта мая краіна (а я заўжды буду лічыць сябе беларусам і Беларусь сваёй краінай), то ты мусіш ведаць гэтую мову і культуру, проста ведаць. Мне было б сорамна прыехаць куды-небудзь у Маскву, Варшаву ці Прагу і сказаць: «Ай, ну я как-то не очень знаю этот язык белорусский». 

Паляк звяртаўся да іх па-беларуску, а яны адказвалі па-польску, думаючы, што ён размаўляе з імі па-польску

У мяне сябра паляк Марцін, які вывучыў беларускую амаль дасканала. У нас была сітуацыя, калі мы ездзілі на фестываль, дзе была берасцейская метал-каманда. І адзін з музыкаў ведаў больш-менш польскую мову. І была такая дзіўная сітуацыя, калі Марцін звяртаўся да іх па-беларуску, а яны адказвалі па-польску, думаючы пры гэтым, што ён размаўляе з імі па-польску. Але ён нармальна па-беларуску казаў. І любы, хто ведае беларускую, зразумее, што гэта беларуская. І гэта вось біч нашага грамадства. Калі да цябе звяртаецца паляк, які адмыслова вывучыў тваю беларускую, а ты яму адказваеш на ломанай польскай, бо не разумееш, што ён звяртаецца на тваёй роднай мове — мне падаецца, гэта не ў якія рамкі не ідзе.

Момант гэтай барацьбы не можа быць бясконцым

Мне падаецца, што думка пра тое, што беларускамоўныя гурты спяваюць з адной мэтай папулярызацыі беларускай мовы, паступова знікае. І доказам таму тыя ж самыя Akute ці Паліна Рэспубліка, якія здабылі папулярнасць не толькі ў гэтай камернай беларускамоўнай тусоўцы. Успрыманне ўжо трошкі іншае. Былі такія часы, калі гэта вітала ў паветры, гэта было патрэбна. Часы гуртоў «N.R.M.», «Ulis», «Новае неба»… Гэта значыла, што вось мы спяваем па-беларуску і мы такі мэсыдж нясем у грамадства. Цяпер патрэба гэтага мэсыджу знікла. Проста момант гэтай барацьбы не можа быць бясконцым. Там жа быў такі момант, такі запал, вось ёсць барацьба і мы пераможам, будзе іншая краіна, іншае грамадства. Перамагчы не атрымалася, усе ад гэтага змагання стаміліся, пачалі жыць сваім жыццём. Не ведаю, добра гэта ці кепска. Але цяпер, мне падаецца, змагарскі гэты дух трохі чужы для моладзі.

«Мы апазіцыя, таму па-беларуску» 

Для мяне ніколі не была прынцыпам мова, я шмат карыстаюся рускай мовай. У «Босым сонцы» я проста не бачу ніякай патрэбы выказваць свае думкі па-руску, рускамоўным песням там месца няма. Не столькі ў мілагучнасці справа, колькі ў нейкай невытлумачальнай унутранай патрэбе, рабіць толькі так. Няма такога, што «мы апазіцыя, таму па-беларуску» ці «мы за беларускую культуру, таму мусім па-беларуску». Не, проста хацелася так і рабілася. Пасля склаўся такі вобраз, які цяпер ужо парушаць не выпадае. 

Было б тады прыемней вяртацца і жыць

Пасля пераезду ў Маскву тыя праблемы, якія былі ў краіне, яны зрабіліся больш відавочнымі для мяне. Шмат жа праблем, і з мовай, культурай, і тое, што людзі ў правінцыі нічога не ведаюць, і тое, што ёсць забароненыя музыкі, не забароненыя, правільныя, няправільныя. Увогуле гэта падзяленне грамадства на «сваіх» і «чужых» - непрыемная рэч, хацелася б, каб яно знікла. Было б тады прыемней вяртацца і жыць. 

Свабоды, вольнасці ў паветры

Беларусі не хапае свабоды, вольнасці ў паветры. Я нават па сабе гэта моцна адчуваў, што калі я тут жыў, было нейкае адчуванне ў глыбіні, такая «рука» над табой, якая ў любы момант можа схапіць. Чым больш свабодна намагаешся жыць, выражаць сябе, будаваць жыццё, тым больш гэты ціск адчуваеш. У нас ёсць такі агульнаграмадскі страх, такое запужванне, з якім людзі жывуць, яны аб ім не думаюць нават, а яно усё адно ёсць. Гэта месцамі кідаецца ў вочы, хочацца ад гэтага пазбавіцца.

Фота: Юра Сідун

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Аліна Талай. Ніколі і не думала, што буду прафесійнай спартсменкай


comments powered by Disqus
 
In 0.1109 seconds.