Жоўта-блакітныя аватары

«Нас разводзіць не крымская вайна, а выяўленыя ў звязку з ёй каардынальныя разыходжанні ва ўяўленнях пра дабро і зло», — кажа Шандаровіч. Менавіта пра гэта я думаю ўвесь час з пачатку пратэстаў у Кіеве.

Не, мяне не развяла з сябрамі гэтая тэма. Наадварот, сябры напэўна і робяцца сябрамі акурат праз блізкасць разумення дабра і зла, а не праз колькасць супольных вечарынак ці дасланых паштовак. Кампанія за суседнім столікам у кафэ, спадарожнікі ў аўтобусе, аднакурснікі, калегі ў офісе, таксісты — раскоша самому выбіраць сваё атачэнне не заўсёды магчымая. Такім чынам у моманты вырашальных гістарычных падзей вакол часта апынаюцца людзі іншай рэальнасці. Спрачацца, пераконваць альбо адасобіцца і моўчкі назіраць — цяжкі выбар апошніх месяцаў.

Не буду спрачацца з людзьмі, якія з жывёльнай нянавісцю ківаюць ля экранаў тэлевізараў, на кухнях, а потым разносяць па каментах сайтаў і офісных чатах, каб «пастралялі гэтых бэндэраўцаў», «вярнулі ісконно русскіе землі», «навялі парадак моцнай рукой». Усе аргументы бяссільныя, калі чалавек асуджае іншых на смерць, свядома робіцца саўдзельнікам злачынства. Калі на зло нехта глядзіць праз ружовыя акуляры, гэта той выбар, які не паддаецца тлумачэнню. Ёсць толькі расчараванне і нежаданне псаваць час на размовы пра каштоўнасці, якія выхоўваюцца ў дзяцінстве.

Я адмовілася глядзець тэлевізар шмат гадоў таму. Не з асаблівых глыбокіх тэорый, а проста шкада стала на яго часу ды месца ў прасторы кватэры вызвалілася. У мірны час знешне і не заўважыш, хто чым займаўся ўвечары — ганяў на ровары, піў піва ў парку ці троліў перад экранам чарговага лаўрэата Еўрафэста. Аднак на фоне палітычных падзей заўважна вылучаюцца людзі, якія праводзяць вечары каля тэлевізара, гледзячы выпускі навінаў у перапынках між серыяламі пра мянтоў.

Вось Вася два гады працаваў з Дзімам, абедалі разам, на карпаратывы хадзілі, дзясятак супольных фотак у Фэйсбуку. А сёння Дзіма шчыра заяўляе, што «бэндэраўцы анархію развялі, збіваюць у Крыму рускіх» і катэгарычна не прымае пярэчанні Васі, бо ўсё бачыў на ўласныя вочы па розных каналах ТВ.

Трэці калега прапануе хлопцам не забіваць галаву чужымі разборкамі/сусветнай змовай і пайсці на піцу.

«Не забіваць галаву чужымі разборкамі», калі ў суседняй краіне, у горадзе, дзе працуюць знаёмыя, дзе вясной квітнеюць самыя прыгожыя каштаны, на мірнай дэманстрацыі збіваюць студэнтаў, а потым расстрэльваюць болей 100 чалавек.

«Чужыя разборкі» не забіваюць галаву, калі на праспект каля офіса людзі выходзяць на акцыю пратэсту, каб выказаць нязгоду з аўтарытарным рэжымам, які акопваецца на дзесяцігоддзі. У гэтыя хвіліны ў беларускіх турмах сядзяць людзі проста з-за сваіх поглядаў. І пакуль ідзе барацьба за іх свабоду, Дзіма і калегі могуць пачуваць сябе бесклапотна, бо чарга да ціхіх офісных супрацоўнікаў дойдзе не хутка.

Даведацца, што на самой справе адбываецца за вакном альбо ў суседняй сталіцы, не проста. Праўду ў адрозненні ад прапаганды не падаюць у яркіх каляровых пакунках ды зручных для спажывання формах. Але быць салідарным са смелымі — самае мінімальнае, што можа зрабіць нават самы асцярожны. 

Пра фота. Здымкі зробленыя ў Менску 16 сакавіка 2014 году.
Аўтар малюнкаў Воля Кузьміч, фота Юра Сідун.
Упершыню папяровыя героі з'явіліся на вуліцах гораду вясной 2011 году. 
Арт-праект Freedom on Paper аб'ядноўвае шэраг акцый з папяровымі інсталяцыямі ў гарадах Беларусі і замежжы.



Воля Кузьміч 15:00, 18.03.2014 | Дзённік Волі Кузьміч |




comments powered by Disqus
 
In 0.0552 seconds.