«Крамбамбуля» і «Без билета» выступяць на буйным фэсце ў Літве (+бясплатныя візы)

 Galapagai

1-2 жніўня ў Зарасаі, што на мяжы Літвы, Латвіі і Беларусі, адбудзецца папулярны літоўскі фэст Galapagai. Сярод хэдлайнераў мерапрыемства The Baseballs (Германія), Supersci (Швецыя), Mr. Woodnote (Вялікабрытанія). Беларусы маюць магчымасць атрымаць на яго бясплатныя візы. 

Фэст адбываецца на маляўнічым востраве пасярод возера. Galapagai – гэта выдатны настрой і самая пазітыўная музыка, купанне ў любы час дня і мноства бясплатных забаў, у тым ліку творчыя майстэрні, спартовыя мерапрыемствы і экстрэмальныя шоў. У гэтым годзе абвешчана пра пераўтварэнне фэста ў незалежную дзяржаву. Яго афіцыйны дэвіз: "Магчыма ўсё!".

У кантытуцыі Galapagai запісана, што прэзідэнтам можа стаць любы музыка, які выйдзе на сцэну фэста і пабачыць найбольшую колькасць узнятых рук. У гэтай краіне няма парламента, затое ёсць шмат бараў. Пры гэтым у ёй афіцыйна забаронена працаваць усім, акрамя арганізатараў, а дзень цягнецца 72 гадзіны. Каб стаць грамадзянінам Galapagai,дастаткова набыць квіток на фэст.

– Настрой фэста ствараюць людзі, якія да нас прыязжаюць. Таму мы кожны раз рыхтуем найлепшыя забавы і адмысловыя прапановы. У гэтым годзе будзе 4 сцэны і больш за 40 артыстаў. Таксама звярну ўвагу на наша ноў-хаў квіткі катэгорыі "Камфорт". Іх уладальнікаў на фэсце ўжо будзе чакаць гатовы да пражывання намёт і спальнікі, а з раніцы яны атрымаюць каву і шампанскае, – кажа дырэктар фестывалю Альгірдас Барнішкіс.

Акрамя хэдлайнераў The Baseballs (Германія), Supersci (Швецыя), Mr. Woodnote (Вялікабрытанія), сярод удзельнікаў Galapagai беларускія гурты "Крамбамбуля" і "Без билета", а таксама літоўцы Leon Somov & Jazzu, Skamp, Markas Palubenka, эстонцы Superskankers ft. Okym Riim, Margaret Live, Curlykills і шмат хто іншы.

Зарасай знаходзіцца ў 131 кіламетры на поўнач ад Вільні, каля мяжы з Латвіяй і Беларуссю. Ад Браслава да Зарасая (праз Даўгаўпілс) – 70 кіламетраў. Даехаць туды можна на адмыслова арганізаваным бас-туры, а таксама на асабістым аўто альбо на цягніку з Вільні (да станцыі Турмантас, далей маршрутка).

Бясплатная віза: квіткі на гэты фэст забяспечаны бясплатнымі візамі з тэрмінам знаходжання з 1 да 3 жніўня ўключна. Падача дакументаў традыцыйна спрошчаная даведкі з месцы працы/навучання, пацверджанні платаздольнасці не патрэбныя..

Умовы продажу квіткоў: адзін квіток на адзін пашпарт. Калі вы не маеце дзейнай візы, для набыцця квітка вам трэба спачатку зарэгістравацца на падачу дакументаў у амбасадзе Літоўская Рэспублікі ў Беларусі не паздней за 23 ліпеня (электронны запіс на сайце http://by.mfa.lt) і раздрукаваць пацверджанне рэгістрацыі. Звяртаем увагу, што ўжо ідзе рэгістрацыя на даты ў ліпені, таму вызначайцеся хутчэй. Новыя месцы на падачу дакументаў з’яўляюцца кожны працоўны дзень. 

Продаж квіткоў пачнецца на наступным тыдні (23-28 чэрвеня). Пра старт будзе абвешчана за дзень на сайце www.shabli.by. Продаж будзе ісці толькі на офісе агенцыі "Шаблі": горад Мінск, вуліца Чарвякова 6, пад’езд 3, цокальны паверх (з 9:00 да 19:00 гадзін у працоўныя дні).

Кошты на квіткі: стандартны (ўваход і месца ў кемпінгу) 420 тыс. руб, аўтобусны тур у два бакі 500 тыс. руб. Квіткі катэгорыі "Камфорт": на 2 чалавекі 1 900 тыс. руб., на 3 чалавекі 2 720 тыс. руб., на 4 чалавекі 3 550 тыс. руб.  

Сайт фестывалю – www.galapagai.lt 

Інфалінія ў Беларусі: +375 33 6555596; +375 29 6555596, +375 17 395 05 65.


11:49, 20.06.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0745 seconds.