Akute і Лявон Вольскі ўзначалілі рэйтынг Experty.by

Праект Experty.by абвесціў прамежкавыя вынікі года – рэйтынг лепшых беларускіх альбомаў за першае паўгоддзе 2014. Яго ўзначалілі выдадзеныя ўвясну дыскі Akute "Рэальнасць і сны" і Лявона Вольскага "Грамадазнаўства".

Для Akute, якіх называюць аднымі з лідараў сучаснага беларускага року, гэта трэцяя па ліку плытка. Для Лявона Вольскага, калі лічыць усе яго гурты і праекты, гэта альбом за нумарам 29. Класічнае сутыкненне маладосці і досведу, у выніку якога маладосць, няхай і з невялікай перавагай, узяла верх. За імі ў рэйтынгу стаяць дыскі фолк-гурта Vuraj, нойз-рокераў Earworm і альтэрнатыўных рокераў 2morrow2late.

– Гэта заслужаны вынік для дыскаў AkuteіЛявона Вольскага. Мяркую, што якія б альбомы не выйшлі ў другім паўгоддзі, гэтыя працы абавязкова будуць у прэтэндэнтах на "Альбом года" на штогадовых узнагародахExperty.by, – лічыць кіраўнік проекта Зміцер Безкаравайны.

Рэйтынг за паўгоддзе з’яўляецца прамежкавым і адлюстроўвае меркаванне толькі штатных экспертаў праекта. Пераможцы ўзнагарод Experty.byвызначаюцца па выніках года па галасах беларускіх крытыкаў, актыўных карыстальнікаў сайта, а таксама замежных экспертаў, сярод якіх у розны час былі Арцемі Троіцкі, Аляксандр Гарбачоў ("Афіша"), а таксама іншыя вядучыя крытыкі з Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны. 

Перамога на ўзнагародах Experty.byдае музыкам не толькі дыпломы і фота ў прэсе, але і практычную дапамогу ў прасоўванні іх творчасці. Уладальнікі прызоў Experty.by па выніках 2013 у намінацыях "Альбом года" (Pukstband) і "Лепшы беларускамоўны альбом" (BosaeSonca) атрымалі паўнавартасную рэкламна-інфармацыйную падтрымку сваіх канцэртаў, якія адбыліся ў красавіку 2014. 

Пераможца ў намінацыі "Прыз замежных экспертаў " – электроншчык (((О))) з Гомеля – пры падтрымцы Experty.by у жніўні 2014 выступіў на шоўкейс-фестывалі Vilnius Music Week, дзе быў ухвалены першым мэнэджэрам Pink Floyd Пітэрам Джэнэрам. Генеральным партнёрам узнагарод з’яўляецца інтэрнэт-правайдэр "Атлант Тэлекам".

Пазнаёміцца з рэйтынгам і паслухаць усе альбомы можна на сайце Experty.by

12:30, 03/10/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0685 seconds.