Пераканаўчая перамога Лявона Вольскага ў двух таймах на выяздной гульні ў Вільні

На канцэрты самых беларускіх гуртоў беларусы ходзяць як на вырашальную спартовую сустрэчу Нацыянальнай зборнай. Істотны не толькі сам працэс шоў і задавальненне ад яго, важна, каб у нашых усё атрымалася.

«Ну як?» – перапытваем мы з хваляваннем адзін у аднаго пасля такіх канцэртаў, нібы кожны сам стаяў на сцэне.

Рэпартаж з асабліва ўдалай гульні бел-чырвона-белых на выездзе :)

Цягам усёй насычанай серыі гульняў, сезон за сезонам абарона саперніка ставіць перад камандай Лявона Вольскага няпростыя задачы. У выніку каламутных судзейскіх маніпуляцый неаднойчы музыкантаў выдалялі з беларускіх палёў проста перад гульнёй у поўным складзе. Вялікая сустрэча на выездзе, што прайшла ў суботу 11 кастрычніка ў віленскай Тэатра-Арэне, абяцала свае выклікі.

Пытанняў да судзейства гаспадароў поля і пабудаванай па еўрастандартах пляцоўкі не было, гэта зняло галоўную рызыку – раптоўнае выдаленне гульцоў яшчэ да пачатку музычнага матча. Выдатная інфраструктура горада і неверагодна шыкоўнае для кастрычніка надвор'е таксама спрыялі. Але высокі кошт квіткоў, бюракратычныя працэдуры і чэргі на выездзе, насычаны музычны сезон у Беларусі і шматлікія спакусы Акропаліса стваралі інтрыгу.

Каманда Лявона Вольскага, якая неаднаразова абнаўляла ў апошнія гады свой склад, гэтым разам гуляла пры падтрымцы нованабытых легіянераў з Нарвегіі. Ужо ў першыя хвіліны трыбуны Teatro Arena, якія былі занятыя цалкам, горача падтрымалі гульцоў. Пакуль рэпарцёры выстаўлялі ў Instagram першыя кадры гульні, букмекеры адразу ж пралічылі расклад на полі і кінуліся падвышаць стаўкі на поспех сустрэчы. Каментатары матча паспяшаліся затвіціць, што каманда Лявона Вольскага настроеная рашуча і не дасць ніводнай форы скептыкам.

Першы тайм пасля выхаду на поле песні «Маё каханне» скончыўся дружным скандаваннем амаль трох тысяч заўзятараў, што запоўнілі Тэатра-Арэну: «Ма-ла-йцы! Ма-ла-йцы!»

У перапынку паміж таймамі фанаты не разыходзіліся і бавілі сябе самай моднай футбольнай крычалкай гэтага сезону, якая ўвесну выправілася ў гастролі па свеце ад украінскіх ультрас. Украіна прысутнічала на трыбунах не толькі ў крычалках. На матчы ў Вільні былі заўважаныя паўднёвыя браты беларусаў ды й самі бел-чырвона-белыя прыцягнулі ў знак салідарнасці некалькі жоўта-блакітных сцягоў.

У другім тайме тэму салідарнасці пасля чоткай перадачы ад Святаслава Вакарчука развіў і сам Лявон Вольскі, выканаўшы камбінацыю «Вставай». Зрэшты пасля перапынку малюнак гульні істотна змяніўся разам з складам гульцоў. Паспяховы новы стыль гульні, які быў прэзентаваны ў першым тайме пад назвай «Грамадазнаўства», замянілі самыя вядомыя класічныя прыёмы, з тых, што лідар каманды Лявон Вольскі вынайшаў за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў.

Урэшце гаспадары поля канчаткова здаліся пад націскам бел-чырвона-белых. Нават маладая супрацоўніца Teatro-Arena, якая прадавала піва, кінулася падтанцоўваць пад трэк «Одзірыдзідзіна». Трыбуны паўскоквалі з месцаў задоўга да фіналу гульні.

Другі тайм заканчваўся пад шыкоўна выкананы дрыплінг «Тры чарапахі», але арбітры дадалі кантрольны час. Фінальныя «Простыя словы» запісалі гэту гульню Лявона Вольскага ў гісторыю лепшых беларускіх перамогаў.

+ Вялікі фотарэпартаж: Вольнае «Грамадазнаўства» Вольскага ў Вільні


Юра Сідун 23:00, 13.10.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0501 seconds.