Гарадскія драмы: хто пакраў залатую восень

Малюнкавы дыпціх Волі Кузьміч з серыі «Гарадскія драмы» — пра лірыку жыцця ў вялікім горадзе, невялікіх вёсках і модных хутарах Беларусі.

«Вася, Вася, дзяржы, а!» — выдыхаючы з парам словы ў ранішняе паветра, дворнічыха падпіхнула да трактара, дзе мітусілася кампанія напарнікаў, апошні мех з лісцем. Ад учорашняй залатой восені ў двары не засталося і намёку, толькі карычневая зямля ў густых бароздках ад грабляў і рэдкія каштаны, якім удалося прашмыгнуць між зуб’я.

Сапраўдныя драмы разгортваюцца ў гарадскіх дварах і парках. На сметнікі вывозяць не толькі эстэтычна прыемныя для сумуючых на лавачках бабуляў пейзажы і яркія фоны для сэлфі-здымкаў хіпстэраў. Эколагі ўказваюць на абядненне глебы ў горадзе, і што з-за недахопу перагною дрэвы жывуць нашмат меней. Да таго ж апалая лістота — асяродак для жыцця казурак, якімі харчуюцца птушкі. Дворнікі ў сваю чаргу кіруюцца прынцыпамі стэрыльнасці, выграбаюць не толькі забруджанае лісце на ўзбочынах дарог, але нават Батанічны сад.

Закручваешся паглыбей у цёплы шалік і хаваеш у кішэні ўратаваныя ад аранжавых чалавечкаў каштаны. А дома адсочваеш лоўкосты, каб пашамацець рознакаляровым гарадскім лісцем у цэнтры Берліну ці Амстэрдаму. Ці тут і зараз далучыцца да экаруху ананімных расцярушвальнікаў лісця. І да метро дварамі дабяжыш, і лісце назад пад кусты пазаграбаеш. 


Воля Кузьміч 14:00, 22.10.2014 | Гарадскія драмы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1003 seconds.