Сяргей Міхалок папрасіў дазвол на пастаяннае пражыванне ва Украіне

Лідэр гурта «Brutto» Сяргей Міхалок і яго прадзюсар Антон Азізбекян звярнуліся да віцэ-прэм'ер-міністра Украіны Вячаслава Кірыленка з просьбай дапамагчы ў атрыманні права на пастаяннае пражыванне ва Украіне.

Пра гэта паведамляе УНН са спасылкай на прэс-службу Міністэрства культуры Украіны.

Сяргей Міхалок патлумачыў, што актыўная пазіцыя яго гуртоў адносна падзей у Украіне негатыўна і варожа ўспрымаецца ўладамі Беларусі і Расіі. Таму лідэр «Brutto» і яго прадзюсар, не адмаўляючыся ад беларускага грамадзянства, вырашылі атрымаць права на пастаяннае пражыванне ў Украіне.

Вячаслаў Кірыленка звярнуўся з лістом да міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава з просьбай як мага хутчэй даць дазвол на пастаяннае пражыванне ва Украіне Сяргею Міхалку і Антону Азізбекяну.

Сяргей Міхалок разам з сваім папярэднім праектам «Ляпіс Трубяцкой» патрапіў у «спіс забароненых» увесну 2011 году. У тым жа годзе пракуратура пужала Міхалка крымінальнай справай за інтэрв'ю, у якім лідэр «Ляпісаў» выказаўся, што думае пра А. Лукашэнку. Пазней справа была спыненая, але Міхалок некаторы час жыў у Маскве і не наведваў Беларусь. Урэшце Сяргей Міхалок вярнуўся ў Менск, хоць і вялікую частку часу праводзіў па-за межамі краіны на шматлікіх выступах. У канцы 2014 года стала вядома, што Міхалку не дадуць выступаць у Беларусі і з яго новым праектам «Brutto». 


ЯЧ 16:38, 24.01.2015 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.1482 seconds.