Апошні тыдзень, каб паспець на Шосты AD.NAK!

Апошні тыдзень, каб паспець на Шосты AD.NAK!

Арганізатары Фестывалю AD.NAK! заклікаюць зруйнаваць старажытную беларускую традыцыю рабіць усё ў апошні момант. Завяршэнне прыёму працаў на Фестываль AD.NAK! — ужо 1 чэрвеня.

Удзел у Шостым фестывалі, як і ў мінулыя гады, бясплатны. Да ўдзелу ў фестывальных намінацыях запрашаюцца аўтары рэалізаваных беларускамоўных рэкламных і камунікацыйных праектаў, якія не ўдзельнічалі ў фестывалях мінулых гадоў.

Адметнасці і цікавосткі Фестывалю

Сярод новых намінацый, на якія варта звярнуць увагу ўдзельніку AD.NAK!-2015, — “Маркетынгавая эфектыўнасць”, “Інавацыі” і “Мабільная рэклама”.

А сярод новых паднамінацый можна адзначыць:

- C-12. Product design (дызайн прадметаў інтэр’еру, музычных інструментаў, упрыгожанняў, цацак, гаджэтаў і г.д.) намінацыі “Графічны і камунікацыйны дызайн”;

- G-6. Interactive applications у намінацыі “Інтэрактыўная рэклама і дызайн”;

- N-4. Digital намінацыі “Сацыяльная рэклама”.

Таксама арганізатары вырашылі вярнуць «Конкурс нерэалізаваных праектаў», у якім могуць узяць удзел крэатыўныя і неардынарныя праекты, не прынятыя кліентам або створаныя для няіснага брэнду.

Партнёр фестывалю, кампанія Universal Press, запрашае прафесійных дызайнераў і ілюстратараў, студэнтаў профільных навучальных установаў узяць удзел у конкурсе «Вольны друк на Elevate». У межах конкурсу ўдзельнікам трэба прапанаваць дызайн сучасных беларускіх прынтоў на адзенне. А менавіта распрацаваць новыя беларускія сімвалы, патэрны і арнаменты для брэнду гарадскога адзення Elevate.

Далучыцца да фестывальнага конкурсу «Каша сувораўская» можа ЛЮБЫ назіральны і неабыякавы чалавек! Каб паўдзельнічаць у ім, трэба даслаць фота з прыкладамі непрафесійнай рэкламы, што ігнаруе факты беларускай гісторыі і традыцыі айчыннай культуры.

Таксама на гэтым тыдні, 28 мая ў 19.00, у культурнай прасторы Studio67 (г. Мінск, пр. Партызанскі, 2А, 2 паверх) адбудзецца паказ найлепшых беларускамоўных рэкламных відэаролікаў за ўсю гісторыю існавання Фестывалю.

Уваход вольны! Каб стаць удзельнікам відэапаказу, дастаткова націснуць пімпачку “Пайду” ў фэйсбуку.

Як узяць удзел у Фестывалі?

У гэтым годзе на сайце Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! падача работ для удзельнікаў зробленая максімальна проста і зручна.

Для падачы работы неабходна зарэгістравацца. Пасля гэтага ўдзельнік мае на сайце Фестывалю прыватны кабінет, у якім бачны спіс пададзеных работ і іх статус.

Форма рэгістрацыі работы таксама вельмі простая. Выбіраеце намінацыю і паднамінацыю або конкурс, у якія хацелі б падаць сваю работу. У большасць намінацыяў прапануецца падаваць работы у адным з некалькіх варыянтаў. Каб лягчэй і хутчэй аформіць работу, у некаторых варыянтах удзельнікам прапануюцца гатовыя ўзоры, па якіх трэба іх афармляць.

13:10, 25/05/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.183 seconds.