Фэст «Карчма» збірае дабраахвотнікаў для ўратавання культавага будынка пад Ракавам

Другі фестываль «Карчма» мае адбыцца 12-13 верасня ў вёсцы Гіравічы Валожынскага раёна (35 км ад Мінска) дзеля захавання і падтрымання належнага стану гістарычнай карчмы XVII – XVIII стагоддзяў.

Будынак зазнаў на сваім веку безліч незвычайных падзеяў, сярод якіх –побыт ад’ютанта Напалеона, адпачынак паўстанцаў Каліноўскага, захоп жандарамі пісьменніка і тэрарыста Барыса Савінкава.

Сёння будынак карчмы патрабуе неадкладнай кансервацыі. Жыхары вёскі сваімі намаганнямі прыбіраюць тэрыторыю, але гэтага недастаткова, і карчма працягвае руйнавацца.

Грамадскасць навакольных вёсак і гаспадары тутэйшых аграсядзіб лічаць карчму сімвалам наваколля, беларускай гісторыі і зацікаўленыя ў яго аднаўленні.

Арганізатары фестывалю, мясцовыя жыхары Зміцер Сасноўскі і Анатоль Ганец, адзначылі, што ўжо рыхтуюцца дакументы для рэгістрацыі будынка як помніка архітэктуры, і гэта дазволіць у далейшым уключыць яго ў зялёны маршрут Валожынскага раёна.

Таксама у планах арганізатараў аднаўленне двух прыдарожных крыжоў: каталіцкага і праваслаўнага, якія калісьці стаялі тут на скрыжаванні дарог старога Віленскага тракту.

“На дадзены момант мы маем падтрымку ад сельсавета, які дае тэхніку і працаўнікоў, а ўпраўленне ідэалагічнай працы і культуры райвыканкама спрыяе атрыманню ўсіх узгадненняў. Мерапрыемства дабрачыннае, бо не мае вонкавай фінансавай падтрымкі, і ажыццяўляецца выключна за кошт асабістага ўдзелу добраахвотнікаў”, – распавёў Зміцер Сасноўскі. “Уваходны квіток на фестываль – пара працоўных рук, а таксама інфармацыйная падтрымка, націснуць “расказаць сябрам”, – пракаментаваў Анатоль Ганец.

Галоўныя фестывальныя дзеянні будуць сканцэнтраваныя на ўпарадкаванні тэрыторыі. Увечары адбудзецца канцэрт з удзелам гуртоў “Стары Ольса”“Літы Талер”“Ceiliсh Сeol”, фальклорнага ансамблю “Гасцінец”з Ракава, танцавальнай падтрымкай ад гурта “Фламея” і інш.

Спецыяльны госць – Анатоль Кашапараў (ансамбль “Песняры”). На фестывалі будзе арганізаваная намётавая пляцоўка, прадстаўленая рэтра-тэхніка, палявая кухня.

Фест запрашае:

  • добраахвотнікаў у працы па карчме і падрыхтоўкі сцэны;
  • спецыялістаў па рэкламе ў сацыяльных сетках;
  • артыстаў і музыкаў (удзел у канцэрце);
  • кіроўцаў з транспартам;
  • кухараў і дапаможных кухонных працаўнікоў;
  • ахову.

Заяўкі і рэгістрацыя: 
Зміцер Сасноўскі – zsasnouski@tut.by; 
Марыя Рагалевіч – +375 44 5779089.

Лакацыя фэсту ў  VK

20:00, 08/09/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0985 seconds.