Сенат ЕГУ прыняў Вялікую ўніверсітэцкую хартыю

28 кастрычніка 2015 года 50 чальцоў акадэмічнай супольнасці Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) распачалі працу Сената склікання 2015/16 навучальнага года. Па выніках пасяджэння Сенат рэкамендаваў рэктару ЕГУ пачаць працэдуру афіцыйнага падпісання Вялікай універсітэцкай хартыі.

Вялікая хартыя еўрапейскіх універсітэтаў (Magna Charta Universitatum) – гэта дэкларацыя асноватворных прынцыпаў акадэмічных свабод, этыкі і якасці, якая была прынятая ў 1988 годзе падчас святкавання 900-годдзя Балонскага ўніверсітэта. На цяперашні момант падпісантамі Хартыі з'яўляюцца 802 універсітэты з 85 краін. Далучаючыся да Хартыі, ЕГУ стане першым прыватным універсітэтам Літвы і другім беларускім універсітэтам, які прыняў Вялікую хартыю.

«Факт прыняцця Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам Вялікай хартыі сведчыць пра ўсеахопную і гістарычную прыхільнасць універсітэта да правоў чалавека, свабоды думкі і найвышэйшых стандартаў сапраўды вольнай адукацыі», – адзначыў рэктар ЕГУ праф. Дэвід Полік.

Пасля разгляду заяўкі ЕГУ рэктар універсітэта будзе запрошаны на ўрачыстую цырымонію падпісання Хартыі, якая пройдзе ўвосень 2017 у Балонні.

Па словах старшыні Сената ЕГУ прафесара-эмерыта Рыгора Мінянкова: «Рашэнне Сената ЕГУ аб далучэнні да Хартыі ёсць знакам і сведчаннем нашай прыхільнасці да еўрапейскіх гуманістычных каштоўнасцяў, нашага імкнення ўсё больш арганічна і дынамічна ўключацца ў найноўшыя працэсы развіцця вышэйшай адукацыі. І гэтым мы таксама пацвярджаем, што беларускія ўніверсітэты могуць заняць сваё годнае месца ў сусветнай універсітэцкай супольнасці, адпавядаючы нормам акадэмічных свабод і акадэмічнай аўтаноміі».

Сенат з'яўляецца калегіяльным органам кіравання ЕГУ, які функцыянуе на аснове оксбрыджскай мадэлі акадэмічнага самакіравання (чальцамі Сената з'яўляюцца ўсе выкладчыкі ЕГУ, якія маюць вучэбную нагрузку ад 0,75 стаўкі і вышэй, а таксама 5 чальцоў Студэнцкага прадстаўніцтва). Пасяджэнні Сената ЕГУ адкрытыя і адбываюцца штомесяц.

08:50, 30/10/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1358 seconds.