«1984» на мінскіх вуліцах: гран-пры фестываля Smartfilm атрымаў буктрэйлер на раман Джорджа Оруэла

Пяты фестываль мабільнага кіно velcom Smartfil падвёў вынікі і ўзнагародзіў пераможцаў 16 лютага у мінскім кінатэатры Galileo Silver Screen. Фестываль доўжыўся тры месяцы, і гэтым разам арганізатары прапанавалі ўдзельнікам зняць буктрэйлеры – відэаролікі да кніг.

Па выніках заяўленай тэмы ўдзельнікамі фестывалю былі прадстаўленыя 94 буктрэйлеры на творы самых розных жанраў, аўтараў і эпох. У шорт-ліст velcom Smartfilm увайшлі 38 прац, якія прэтэндавалі на Гран-Пры і перамогу ў 12 намінацыях. Па выніку можна адзначыць цікавую тэндэнцыю: кнігам Рэя Брэдберы, Джорджа Оруэла і Уладзіміра Караткевіча былі прысвечаныя па 4 буктрэйлеры.

Яшчэ адзін цікавы факт фестывалю: рэжысёр Мікалай Панок выканаў галоўную ролю ў буктрэйлеры «1984», пасля чаго вырашыў за два дні адзняць і змантаваць сваю працу па кнізе «Лаліта» Уладзіміра Набокава. На цырымоніі ўзнагароджання ён атрымаў прыз у намінацыі «Лепшы буктрейлер у жанры меладрама». А аўтару буктрэйлера да рамана Джорджа Оруэлла «1984» 20-гадоваму Аляксандру Абразцову журы прысудзіла Гран-Пры і галоўны прыз у 30 мільёнаў рублёў. Таксама яго праца атрымала прыз у намінацыі «Лепшая аператарская праца».

На цырымоніі ўзнагароджання пераможца velcom Smartfilm прызнаўся, што плануе выдаткаваць прызавую суму на навучанне рэжысуры ў Празе. Буктрейлер рэжысёр разам са сваёй камандай знялі і змантавалі за 8 дзён. Музай аўтара стала яго дзяўчына Дар'я, якая пераканала Аляксандра прыняць удзел у фэсце і прапанавала кнігу для экранізацыі.

«Мужыкі беглі з аўтаматамі – было страшна, але я здымаў», – так, усміхаючыся, Адяксандр пракаментаваў сваю працу.

Пераможцаў фестывалю вызначала журы ў складзе праграмнага дырэктара Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» Ігара Сукманава, кінааналітыка і культуролага Максіма Жбанкова, рэжысёра-дакументаліста Андрэя Куціла і таксама рэжысёра і аператара Сягея Лебедзева. Журы вызначыла пераможцаў у 12 намінацыях, у іх ліку «лепшы трылер», «лепшы анімацыйны буктрэйлер», «лепшы буктрэйлер на беларускай мове», «лепшы мантаж» і «лепшае мастацкае рашэнне». Усе конкурсныя працы даступныя на сайце фэсту.


Юля Сакалоўская 06:21, 17.02.2016 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0634 seconds.