На Mirum Music Festival стартаваў продаж квіткоў

Цёплы травень – самы час скласці летнія планы. З 12 па 14 жніўня на зялёным лузе ля Мірскага Замка пройдзе самы атмасферны музычны фэст Беларусі – Mirum Music Festival. У гэтым годзе арганізатары наважыліся на тры фестывальныя дні: 12 і 13 жніўня – асноўныя дні ды 14-га – afterparty прыемным бонусам для ўсіх, хто мае квіткі на першы, другі або два дні.

Mirum Music Festival заўсёды цешыў сваіх гасцей складам музыкаў, і гэты год не выключэнне. Хэдлайнерамі стануць украінскія гурты The HARDKISS і ONUKA, а таксама піянеры брытанскай acid-jazz сцэны Red Snapper.


Фотарэпартажы Generation.by з Mirum Music Festival 2015: №1 і №2

Гурт ONUKA ўжо выступаў на фестывалі летась, аднак паўтор аднаго з хэдлайнраў стаў асаблівай традыцыяй, якая пачалася з Ніно Катамадзэ ў 2014-ым і 2015-ым гадах.

«Мы былі вельмі прыемна здзіўленыя рэакцыяй нашых гасцей на выступ ONUKA, ды і самі атрымалі неверагоднае задавальненне, якое хацелася перажыць яшчэ раз. Вырашылі не адкладаць. Сакавіцкі канцэрт гурта ў Мінску даў нам зразумець, што мы не памыліліся. Гэта надзвычайная музыка, якой хочацца дзяліцца зноў і зноў», – каментуе Ягор Захарка, галоўны арганізатар фестывалю.

Група The HARDKISS выступіць у Беларусі ўпершыню. На радзіме калектыў называюць адной з найяскравейшых зʼяваў украінскай музычнай сцэны. Якаснае гучанне, стыльныя і запамінальныя сцэнічныя вобразы ды надзвычайны сваёй магутнасцю і прыгажосцю голас салісткі робяць сваю справу.

Red Snapper – гэта легенда, тут мала што можна сказаць, трэба прыязджаць і слухаць.

З беларускіх гуртоў пакуль анансаваны самы шматспадзеўны беларускі гурт NAVI, які выконвае неверагодна шчырую і цёплую музыку, вядома, пра каханне. Арганізатары ўпэўнены, што прыгожыя мелодыі, тэксты, галасы ўдзельнікаў гурта наўрад ці кагосьці пакінуць абыякавымі.

Як і ў мінулыя гады, госці фестывалю змогуць спыніцца ў адной з гасцініц Міра (браняваць раім загадзя, бо месцаў мала, а ахвочых шмат) ці ў аграсядзібе. Таксама можна прывезці з сабой намёт або на месцы ўзяць намётавае абсталяванне ў арэнду.

Арганізатары абяцаюць вялікі і разнастайны фудкорт, мноства забаў як для дзяцей, так і для дарослых.

Квіткі на асобныя ці абодва дні можна набыць на kvitki.by, а таксама без камісіі ў распаўсюджвальнікаў у Мінску (+375 29 6365635), Гродна (+375 33 6810441) і Брэсце(+375 29 6065056).

Кошты на першыя 700 квіткоў:
Адзін дзень – 200 тыс.б.р.
Два дні – 390 тыс.б.р.

Больш падрабязная інфармацыя пра фэст ў афіцыйных суполках фестывалю ў vkontakte і facebook, а таксама на сайце mirummusicfestival.by.


13:00, 18.05.2016 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0991 seconds.