Фотавыстава памяці Сяргея Пілецкага

З 3 па 9 ліпеня ў Музэі Гісторыі Кіно адбываецца фотавыстава Сяргея Пілецкага “Я разам з птушкамі дыхаў”.

Сяргей Пілецкі

На выставе, арганізаванай сябрамі Сяргея, каля сотні фотаздымкаў. Таксама, у межах дзён памяці Пілецкага 8 ліпеня адбудзецца дабрачынная імпрэза у клюбе “Графіці” (зав. Калініна, 16). У ёй прымуць удзел Тахміна, Клёндайк, Expansiya, Вольга Афіцэрава і Тацяна Пракапчук. Уваходны квіток каштуе 10000. А ўсе сабраныя сродкі будуць скарыстаныя на помнік Сяргею. Кантактны тэлефон: +37529 348 08 53

“Я разам з птушкамі дыхаў…” – апошні запіс, які зрабіў Сяргей у сваім “жывым дзёньніку” (Live Journal), узгадваючы пра здымку на даху касьцёла ў Заслаўі. Дзеля добрага здымка ён гатовы быў ня толькі дыхаць, але і лётаць разам з птушкамі. А праз два дні загінуў у аўтакатастрофе.

У 2001 ён ўпершыню ўзяў у рукі стары бацькаў фотаапарат, а пасьля перавёўся з дзённага аддзяленьня ўнівэрсытэта на завочнае, для таго, каб паралельна з кампутарным праектаваньнем займацца фатаграфіяй.

Сяргей сыйшоў ад нас у дваццаць два гады, але пакінуў незьлічоную колькасьць працаў самых розных жанраў, стыляў і накірункаў.

Аня: "Сказаць, што Сяргей быў фатографам – гэта мала. Сяргей быў мастаком. Калі ён нешта бачыў, ён мог гадзінамі ляжаць на падлозе, каб зрабіць неабходны здымак. Гэта найбольш уражвала. Калі я пабачыла, як ён здымае, я вырашыла, што ніколі больш не вазьму фотаапарат. Ён заўсёды быў жыцьцярадасным і вельмі любіў жыцьцё і ўсё , што зь ім зьвязана."

Музэй Гісторыі Кіно знаходзіцца па адрэсе: вул. Сьвярдлова, 4.

 

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0736 seconds.