Клюб «Арэна» зачынілі

Толькі дырэкцыя клюбу атрымала ўсе неабходныя паперы для абсалютна законнага пачатку новага сэзону, а альтэрнатыўныя каманды расплянавалі свае выступы ў «Арэне», як дазвол на дзейнасьць клюбу быў скасаваны.

Клюб «Арэна»

Калі «Вавілон» зьмяніў арыентацыю і стаў альтэрнатыўнай «Арэнай», былі сумневы ці новае месца здолее пазбавіцца старой рэпутацыі. Але вельмі хутка «Арэна» стала пляцоўкай для гуртоў, чые тэксты пільна вычытваюцца супрацоўнікамі Мінкульту. Таксама зьмянілася на дыямэтральна супрацьлеглае і аблічча наведвальнікаў. А сёлета ў «Арэне» ладзіўся адборачны тур на Басовішча.

Скандалаў у жыцьці клюба хапала: гэта і выклікі ў КДБ, і прыходы міліцыі, і званкі зь Мінкульту, і адмены канцэртаў, а часам – і незадаволенасьць гледачоў арганізацыяй. Весткі пра закрыцьцё Арэны зьяўляліся ня раз, але ў тое, што гэта здарыцца, паціху перасталі верыць. Асабліва апошнім часам: з восені клюб меў запрацаваць у нармалёвым рэжыме, абсалютна легальна, з усімі неабходнымі паперамі.

І вось, зьявілася навіна, што «Арэна» канчаткова зачынена. Спачатку падалося, што чарговая несапраўдная трывога.

Але як паведаміў Generation.by арт-дырэктар «Арэны» Аляксей, абсалютна нечакана дазвол на легальную дзейнасьць у прымальных умовах быў адазваны. Перашкоды ўзьніклі адразу зь некалькіх бакоў. Напрыклад, гаспадарчы суд пастанавіў працаваць толькі да шостай гадзіны вечара. А галоўнае - праблемы з гастрольнымі пасьведчаньнямі. Зразумела, што дзейнічаць у такіх лімітах рок-клюб ня можа.

Усе заплянаваныя канцэрты былі адменены. Будучыня будынку клюба Аляксею не вядома, як і шэрага мерапрыемстваў. Пляцовак у горадзе дастаткова, але амаль немагчыма атрымаць дазвол на правядзеньне канцэрту. Ёсьць пэўныя ідэі, але пакуль пра іх рана казаць – каб не сурочыць.

SlaDa 18:23, 27/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1012 seconds.