«Аб’ектыўнасьць — панятак суб’ектыўны»: завершыўся музычны конкурс «Залатая акустыка»

У паўзмрочным з-за слабога асьвятленьня і напаўпустым клюбе Bronx, упрыгожаным да дня Сьвятога Валянціна сэрцамі і анёлкамі, 13 лютага прайшоў завяршальны, апошні галя-канцэрт конкурсу «Залатая акустыка». За плячыма конкурсу «залатой і якаснай музыкі» 22 канцэрты, выступы 22 гуртоў, хваляваньні, клопаты, сяброўства і канкурэнцыя.

Перамогу ў фэсьце і прыз у выглядзе здымак кліпу атрымалі «ДзеціДзяцей». Яшчэ пяць гуртоў атрымалі зьніжкі на запіс ці грашовыя ўзнагароды, якія некаторыя ўжо зьбіраюцца патраціць на «адкупленьне ад разьмеркаваньня».

Конкурс працягваўся каля чатырох месяцаў і меў высокую мэту папулярызацыі акустычнай музыкі і пошуку таленавітага музычнага андэграўнду.


Выступ «ДзеціДзяцей» на другім фінале «Залатой акустыкі» 30 студзеня.
Аўтар фота: Юра Сідун.

Не абсалютная акустычнасьць выступаў настойліва разбурала асацыятыўную сувязь паміж пазыцыянаваньнем конкурсу і канчатковым ажыцьцяўленьнем. Па тлумачэньне Generation.bY зьвярнуўся да Кацярыны Восіпчык — мэнэджэркі праекту: «Залатая акустыка — гэта нейкая мэтафара, якая азначае залатую, добрую і якасную музыку». Гурты меліся выступіць па 45 хвілінаў акустычна — «гэта значыць у палегчаным варыянце, т.б. у рэжыме unplugged, у найбольш набліжаным да акустычнага варыянце», бо чыстую акустыку «тэхнічна складана» ажыцьцявіць, — распавяла арганізатарка.

Кацярына выступіла ня толькі арганізатарам, але і вядучай апошняга галя-канцэрту. Структура канцэрту выглядала наступным чынам: абвяшчаліся занятыя месцы, гурт выходзіў на сцэну, атрымліваў прыз і выступаў. Канцэрт быў доўгім і розным па настроі, але склалася ўражаньне, што часу не хапіла, і пераможцы мелі меней часу на выступ, які чакалі шматлікія фанаты.

На экране дэманстраваліся зьведзеныя вынікі галасаваньня гледачоў і журы, якое складалася з Сяргея Ждановіча, Алега Хаменкі, Дзяніса Вавілава, Аляксандра Патліса і Уладзіміра Угольніка. Журы ацэньвала па чатырох крытэрах: прафэсіяналізм, артыстызм, рэпэртуар і харызма. Такім чынам, на 10 месцы апынуўся гурт «Мамкины Бусы», на 9-м — Атмараві, на 8-м — «БульварЪ», на 7-м — Akana-NHS.

Прызавых месцаў было шэсьць. Шостае атрымаў гурт Karavan і быў узнагароджаны пажыцьцёвай зьніжкай у 30% на запіс у студыі NonStopRecords. «Гэта шмат, паверце», — нібы падбадзёрыла музыкаў Кацярына. Хлопцы даволі добра сьпявалі па-ангельску, але чамусьці візуальнай цэласнасьці як гурт не ўтваралі: вельмі па-рознаму сядзелі, гралі і выглядалі. Своеасаблівую атмасфэру стваралі гукавыя ці моўныя недасканаласьці, што часам словаў было зусім не разабраць, адчувальны недахоп сьвятла, празь які ўсе фатографы мусілі карыстацца моцнымі накіраванымі промнямі, асьвятляючы навакольле, і сядзячыя проста на падлозе людзі, некаторыя зь якіх ціха паснулі, прыхінуўшыся да сьцяны ў чаканьні выхаду пераможцаў.

Пятым месцам быў узнагароджаны гурт The Blackmail, які атрымаў 40% пажыцьцёвай зьніжкі на запіс у студыі NonStopRecords.

Чацьвертае месца і 50% зьніжкі на запіс зарабілі Tok Rukoo. На пытаньне вядучай «Як табе Залатая акустыка?» — Вадзім — аўтар тэкстаў і саліст — адказаў працягла-задуменна: «Залатааая». «Войска фанатаў» таньчыла пад сцэнай і адрывалася. «Адкуль іх у вас столькі?» «Мы кожнаму далі па 10 даляраў!». Гэта быў першы гурт, які разварушыў залю і падзякаваў арганізатарам: «Дзякуем за прадастаўлены нам час кожны месяц тут».

Тройку прызёраў адчыніў «Ребус Нелишних», Вілен зь якога — просты настаўнік ангельскай мовы — доўга прамаўляў са сцэны, пакуль калегі наладжваліся. Хлопцы атрымалі 500 даляраў і запіс на вышэйузгаданай студыі. Вілен адразу прыкінуў, як грошы патраціць:

«Я заплачу 500 даляраў і мне застанецца 15 500 000, каб адкупіцца ад разьмеркаваньня. Усім прадстаўнікам сфэры адукацыі і аховы здароўя вялікае прывітаньне. Так працаваць і жыць нельга». Датычна конкурсу Вілен зазначыў, што «аб’ектыўнасьць — панятак суб’ектыўны. Я, напрыклад, быў зьдзіўлены складам шасьцёркі. А для кагосьці зьдзіўленьнем было тое, што мы трапілі ў тройку. А чаму Akana-NHS апынулася на сёмым? Мы б ім трэцяе месца саступілі».

Шчасьлівы Юры Віленчык з гурта HusH, у якога пару дзён таму нарадзіўся сын, выйшаў на сцэну, каб атрымаць свой прыз за другое месца — 50 гадзінаў запісаў на студыі эквівалентныя 1000 даляраў. Ён падзякаваў арганізатарам за конкурс, «такі, якіх на Беларусі мала, каб заканчваўся прызавымі месцамі і прадастаўлялі музыкам пэрспэктывы» і выступіў з гуртом нядоўга, «бо ў жыцьці адбылася такая падзея».

Доўгачаканыя «ДзеціДзяцей» праявілі сябе лепшымі ў конкурсе, атрымалі за гэта першае месца, 100 гадзінаў запісу на студыі і здымкі кліпа, эквівалентныя 10 000 даляраў.

«Я адчуваю сябе, як заўжды даволі глупа. На тое мы і ДзеціДзяцей, каб казаць глупствы», — эмацыйна пачала Ганна. «Вялікі дзякуй вам», — паказваючы на гледачоў, прамовіла яна. «Дзякуй арганізатарам і Каці, якая вытрымала ўсё гэта. Перш за ўсё, мы вас моцна любім: учора, сёньня, заўтра».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1019 seconds.