Амэрыканец напісаў на смартфоне 400-старонкавы раман

Пітэр Брэт з Брукліну напісаў большую частку свайго раману «The Warded Man», які ў мінулым месяцы зьявіўся ў кнігарнях ЗША, на смартфоне ў мэтро падчас штодзённых вандровак на працу.

«Я сядзеў у падземцы і калі ў мяне зьяўлялася добрая ідэя, я занатоўваў яе, — кажа Брэт NY Daily News. — У мяне атрымлівалася вельмі хутка пісаць вялікім пальцамі. Паступова я стаў пісаць усё болей і болей».

Хутка Брэт запісваў ужо па 400 слоў кожную раніцу і вечар. «Я напісаў больш за 100 000 слоў у цягніку цягам 2 год падчас паездак у мэтро», кажа Брэт.

Кніга, якая пісалася па 45 хвілін кожную раніцу і вечар у падземцы, напоўненая крыважэрнымі дэманамі, якія бадзяюцца па Зямлі ўначы.


Раман «The Warded Man» цалкам створаны ў вагонах нью-ёрскага мэтро.

Раман ужо стаў бэстсэлерам у Польшчы і Вялікабрытаніі. Пасьля выхаду кнігі Пітэр Брэт кінуў працу і стаў аддаваць увесь свой час на напісаньне раманаў.

Кнігі, напісаныя на мабільным тэлефоне, ператварыліся ўжо ў некаторых краінах у звычайную зьяву. «Мабільны раман» Мікі «Неба каханьня» заняў у 2007 годзе першае месца ў рэйтынгах продажаў кніг у Японіі.

Міка пісала на мабільніку адно sms за другім, а 20 мільёнаў яе фанатаў чыталі на сваіх мабільных альбо ў Сеціве гэтыя кароткія паведамленьні, якія складваліся ў тэкст кнігі. Пасьля такога посьпеху гісторыя пра няшчаснае каханьне ад Мікі была выдадзеная ў традыцыйнай, папяровай форме і стала бэстсэлерам. Акрамя таго, кніга ўжо экранізаваная.

Як піша New York Times, «мабільныя раманы» папулярныя сярод пакаленьня, якое вырасла разам з мабільнымі тэлефонамі. Моладзь выхоўвалася на манзе і вялікая частка яе проста не чытала іншых кніг, акрамя «мабільных».

У выніку, 5 з 10 радкоў рэйтынгу самых прадаваемых кніг у 2007 годзе ў Японіі занялі «мабільныя раманы».

Як кажа яшчэ адна аўтарка кніг з смс'ак, Рын, мабільны раман якой разышоўся накладам у 400 тысяч копій, яе аднагодкі «не чытаюць прац прафэсійных пісьменьнікаў, бо іх сказы занадта цяжкія для разуменьня, яны выражаюцца занадта шматслоўна, а іх гісторыі маладым чытачам не знаёмыя».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0873 seconds.