Студэнтам БДУІР забаранілі прывозіць ровары ў інтэрнат

Арыгінальны мэтад падвысіць пажарную бясьпеку вынайшлі ў інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Там студэнтам забаранілі захоўваць ровары з-за таго, што яны негігіенічныя, а таксама зьяўляюцца пагрозай у выпадку пажару.

Студэнты БДУІР, што жывуць у інтэрнатах, фактычна пазбавіліся магчымасьці мець уласны ровар з-за забароны захоўваньня яго ў памяшканьнях інтэрнату. Адпаведны загад апублікаваны на форуме Onliner.

У загадзе, падпісаным дырэктарам студгарадку ўнівэрсытэту, гаворыцца аб забароне захоўваньня ровараў ва ўсіх інтэрнатах БДУІР. Студэнтам дадзены час «пазбавіцца» ад ровараў — да 1 сакавіка 2012 году. Пасьля гэтай даты зьяўляцца з роварамі ў інтэрнатах будзе забаронена.

«У нас у інтэрнаце ёсьць некалькі чалавек, якія перасоўваюцца на роварах, — пракамэнтавала дакумэнт для auto.onliner.by загадчыца аднаго з інтэрнатаў БДУІР. — Яны захоўвалі іх у калідорах, на гаўбцах. Вядома, у нас ёсьць пытаньні.

Па-першае, гэта негігіенічна. Я, напрыклад, ня бачыла, каб яны мылі колы. Па-другое, няправільна зь меркаваньняў пажарнай бясьпекі. На шляху эвакуацыі ровары не павінныя знаходзіцца. Трэба абсталяваць спэцыяльную стаянку, напрыклад».

Па словах загадчыцы, яна нават спрабавала арганізаваць адмысловае памяшканьне для захоўваньня ровараў. Аднак высьветлілася, што ў інтэрнаце няма плошчы на гэта.

«Трэба зьвяртацца ў горад. Атрымліваецца замкнёнае кола. З аднаго боку, мы за здаровы лад жыцьця. Зь іншага — вырашыць гэтае пытаньне на ўзроўні загадчыцы інтэрнатам я не магу», — кажа жанчына.


Велагаражы ўжо зьявіліся ў Менску. Першы паўстаў у Парку высокіх тэхналёгій на Купрэвіча, 1/1. Фота "БелаВела: пра ровары — па-беларуску"

Цікава, што адны зь першых веластаянак у Менску зьявіліся менавіта ля навучальных карпусоў БДУІР. А цяпер адміністрацыя ВНУ змагаецца за гігіену шляхам вынішчэньня роварнай культуры.

«Адміністрацыю можна зразумець: ровары ў пакоях інтэрнатаў ствараюць нязручнасьці суседзям, могуць выпацкаць сьцены і г. д., — кажа старшыня праўленьня ГА «Мінскае веласіпэднае таварыства» Яўген Харужы. — Але замест цывілізаванага рашэньня — арганізацыі вылучанага месцы для захоўваньня ровараў (напрыклад, асобнага памяшканьня на першым паверсе альбо «гаражу» побач зь інтэрнатам), адміністрацыя пайшла па звыклым шляху «не пушчаць!».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1454 seconds.