Пяць вольных выступаў на паветры ў Шаблях

З украінцамі, немцамі і каровінымі кізякамі прайшло пятае «Вольнае паветра».

Адкрылі юбілейны фестываль палымяны беларускі гурт Гаротніца з надзвычай рухавай вакалісткай Валерыяй Валадзько. Пазітыўная энергетыка, якая зыходзіла са сцэны даволі хутка пачала перадавацца публіцы і іхнім танцам. Сумаваць сёлета на «Вольным паветры» славуты хутар нікому не дазволіў: хтосьці атрымліваў асалоду у сваім намёце, хтосьці на дыванчыку ў позе лотаса, хтосьці каля вогнішча. А таксама кожны ахвотны мог здацца ў рукі адмыслоўца па масажы тыбецкімі чашамі. Пры дотыку да іх драўлянай палкай (якая завецца стык) чашы дзілінькаюць і ад іх ідзе па ўсім целе прыемная вібрацыя.

Рэдкасны выступ KRIWI не змог не спадабацца аматарам класічнага беларускага этна. Таму, класічна пра тое, як дзяўчына хоча замуж і што за туманамі нічога не відно чулася не толькі са сцэны. А вось чэмпіянат па кіданню каровіных кізякоў спадабаўся гэтым разам не ўсім. Спаборніцтва па экзатычным спорце прынесла камусьці прызы, а камусьці тыя самыя кізякі на галаву, бо яны паспявалі разлятацца ў розныя бакі і трапляць у гледачоў. Пасля выступу выбітнага беларускага этна-трыа Троіца са старымі і новымі песнямі ўзнагародзілі трох хлопцаў — прызёраў чэмпіянату свету па кіданні каровіных кізякаў. Абсалютнаму пераможцу — інжынеру-праграмісту Віктару Пятрову з рэкордам у 54 метры дастаўся цэлы пакет з шампанскім. Задаволены хлопец з самай гучнай групай падтрымкі скарыстаў момант і пад дзявочы візгат адразу ж і адкаркаваў адну з бутэлек з бурбалкамі.

Першы выступ на Беларусі гурта ДахаБраха выдаўся ўдалым. Украінцы разам з беларускімі калегамі з Portmone запалілі публіку сваім дыска-этна так, што тая яшчэ доўга не хацела іх адпускаць. Сапраўдным адкрыццём фэсту сталі берлінскія музыкі Di Grine Kuzine, якія названыя ў гонар аднайменнай кампазіцыі вядомага ў 20-х гадах амерыканска-румынскага клэзмера Абэ Шварца. Адсюль і вынікае стыль музыкі нямецкага гурта — народныя спевы ўсходнееўрапейскіх габрэяў з уплывам заходнееўрапейскай сучаснай музыкі. Пад вёселыя спевы нямецкага гурта і скончылася пятае Вольнае паветра.

Болей: Фотарэпартаж з «Вольнага паветра»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1719 seconds.