BosaeSonca дадуць сольны канцэрт са струннымі

27 красавіка гурт BosaeSonca зайграе вялікі канцэрт з праграмай «Адпусці». Уладальнікі прыза «Лепшы беларускамоўны альбом» на ўзнагародах Experty.by рыхтуюць да яго адмысловыя цікавосткі.

BosaeSonca складана назваць навічкамі – яны даўно разам і ўжо каля пяці гадоў хадзілі ў "надзеях беларускай рок-сцэны". Складалі песні, гралі канцэрты, выдавалі сінглы, часам з’яўляліся на тэлебачанні, але ніяк не маглі запісаць дэбютны альбом. А за 2013 год выдалі адразу два, прычым цалкам розных. Спачатку дэпрэсіўна-рокавы "Залаты", а потым лірычна-акустычны "Адпусці".

І калі першы на пачатку года прайшоў амаль не заўважаным, то выдадзены ўвосень "Адпусці" стаўся амаль сэнсацыяй у колах журналістаў і аматараў беларускай (і асабліва беларускамоўнай) музыкі. "Прадукт высокай якасці, які смела можна паставіць побач са знакамітымі камандамі сусветнага ўзроўню", – адзначыў у сваёй рэцэнзіі аўтар і вядучы легендарнай тэлепраграмы "Відзьмо-невідзьмо" Сяргей Філімонаў і параўнаў BosaeSonca з брытанцамі Turin Brakes.

– Альбом "Адпусці" мы запісвалі, як развітальнае пасланне гурта BosaeSonca. Мы цалкам сур’ёзна збіраліся зачыняць праект, таму што вельмі шмат энэргіі было ўкладзена ў "Залаты", але гэта аніяк не апраўдала сябе. Тым больш нечаканым быў шквал ухваленняў адносна другога альбома. Можна сказаць, што гэта выратавала гурт і дало моц ісці далей, – распавёў вакаліст калектыву Алесь Кот-Зайцаў.

Больш за тое, у лютым дыск перамог на ўзнагародах Experty.by у намінацыі "Лепшы беларускамоўны альбом" і атрымаў прыз ад грамадскай культурнай кампаніі "Будзьма беларусамі!" – рэкламна-інфармацыйную падтрымку канцэрта. Гэткім чынам выступ будзе ўдвая адказным – гэта справаздача за ўзнагароду і спроба намаляваць новую будучыню для гурта.

– Для нас заўжды важна стварыць на канцэрце адпаведную атмасферу. Гэта будзе выступ са струнным трыа з акцэнтам на лёгкае паўакустычнае гучанне альбома "Адпусці". Абяцаем усе лепшыя песні і і некалькі новых, – адзначыў Алесь Кот-Зайцаў.

"Будзьма беларусамі!" прэзентуе: 27 красавіка ў клубе Tarantino гурт BosaeSonca з праграмай "Адпусці". Пачатак у 19.00. Квіткі: танцпол – 70 тыс. (толькі 30 асобнікаў у клубе Tarantino), 80 тыс. (папярэдне ў касах Kvitki.by), 100 тыс. у дзень канцэрта; столікі – 120 тыс. (у клубе). Адрас клуба: Кастрычніцкая, 5 (адваротны бок КЗ "Мінск"). Даведка: 377 80 00 (Velcom, MТС).

22:52, 09/04/2014 | Анонсы |
comments powered by Disqus
 
In 0.0727 seconds.