Славенія запрашае беларускіх музыкаў

Найбуйнейшы на Балканах музычны шоўкейс-фестываль MENT Ljubljana, які адбудзецца ў сталіцы Славеніі 3-5 лютага 2016, адкрыў прыём заявак ад беларускіх музыкаў сучасных напрамкаў: рок, індзі, электроніка. Заяўкі прымаюцца да 14 верасня.

Фестываль MENT Ljubljana ўпершыню адбыўся ў 2015 годзе і адразу ўвайшоў у лік лепшых мерапрыемстваў такога кшталту ва Ўсходняй Еўропе. Ён аб’ядноўвае троддзённую серыю канцэртных выступаў і прадстаўнічую музычную канферэнцыю. У першы ж год яго наведалі некалькі тысяч гледачоў, а таксама каля 300 спецыялістаў і музыкаў з 27 краін свету, у тым ліку прадстаўнікоў Велікабрытаніі, Германіі, Ісландыі, Францыі, Венгрыі, Харватыі. Больш за 30% артыстаў-удзельнікаў MENT Ljubljana 2015 атрымалі запрашэнні на далейшыя канцэрты і фэсты Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

– Славенія мяжуе з Італіяй, Венгрыяй, Аўстрыяй і стала сябрам ЕС яшчэ ў 2004 годзе. Такім чынам наша краіна добра інтэграваная ў агульнаеўрапейскі рынак, у тым ліку музычны, – распавядае Мацьяж Манчэк, мэнэджэр музычнай праграмы MENT Ljubljana. – Мы бачылі беларускіх артыстаў у гэтым годзе на фестывалі Tallinn Music Week і былі ўражаныя іх узроўнем. Мы будзем радыя дапамагчы звярнуць на іх увагу еўрапейскіх спецыялістаў і фестываляў.

Артысты, якія прайдуць адбор у канцэртную праграму, атрымаюць бясплатнае жытло ў дзень мерапрыемства, кампенсацыю транспартных выдаткаў у памеры 250 еўра (на гурт), а таксама бясплатны пропуск для аднаго чалавека на канферэнцыю і доступ да базы кантактаў дэлегатаў фестывалю. Заяўкі прымаюцца да 14 верасня праз букінгавы сэрвіс Gigmit. Спіс дэлегатаў MENT Ljubljana 2015 можна паглядзець тут ().

Партнёр фестывалю MENT Ljubljana ў Беларусі – праект Experty.by, які таксама прадстаўляе шоўкейсы Lost In Music (Фінляндыя), Tallinn Music Week (Эстонія), Vilnius Music Week (Літва), Moscow Music Week (Расія).


14:00, 02.09.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1362 seconds.