«80% інфармацыі было для мяне новай»: што цяпер ведаюць студэнты былога СССР пра Чарнобыль

Цягам тыдня студэнты з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы ездзілі па Гомельскай вобласці ў межах міжнароднага журналісцкага воркшопа, прысвечанага 30-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Адным з вынікаў праекту, арганізаванага лектарамі нямецкага фонда Роберта Боша пры падтрымцы пасольства Германііі ў Мінску, стала стварэнне блога mediachernobyl.blogspot.com.

«У праекце прынялі ўдзел студэнты розных спецыяльнасцей – ад моваведаў да эканамістаў. Сярод беларускіх удзельнікаў – студэнты БДУ і Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта», – распавядае Наёмі Хюнеке-Браўн, лектар фонду Роберта Боша ў Інстытуце нямецкіх даследаванняў пры БДУ.

За сем дзён, які ўдзельнікі праекта правялі ў Беларусі, яны падрыхтавалі 60 матэрыялаў для блога, напісаных на чатырох мовах. У праграме адукацыйнай паездкі – Мінск, Гомель, Брагін, Хойнікі, Буда-Кашалёва.

26 удзельнікаў працавалі ў пяці групах, кожная з якіх на працягу трох дзён даследавала канкрэтную тэму: памяць пра Чарнобыль сёння, наступствы для здароўя пасля атамнай трагедыі, рэаліі адсялення, міжнародны і нацыянальны «адпачынак» для дзяцей, наступствы і выкарыстанне ядзернага выпраменьвання.

«Я пазітыўна ўражаная, што студэнты працавалі з раніцы да вечара над гэтай тэмай. Акрамя таго, што ўвесь дзень яны наведвалі розныя ўстановы і размаўлялі з людзьмі, па вечарах яны пісалі матэрыялы ў блог», -- адзначае лектар фонду Боша ўніверсітэта ў Баранавічах Таня Бальдрайх.

За журналісцкую частку праекта адказвалі медыятрэнеры Вітаўт і Лана Руднік з Гродна, якія вучылі студэнтаў асновам журналістыкі.

«У 1986 годзе ўвесь цэмент з ГДР быў адпраўлены ва Украіну»

Перад пачаткам паездкі ўдзельнікі воркшопу сабраліся на сустрэчу ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Й. Раў. Студэнты кожнай з краін ладзілі перад прысутнымі адмысловую прэзентацыю, аналізуючы ў сваёй краіне прававое, інфармацыйнае і сацыяльнае становішча, звязанае з тымі, хто пацярпеў ад выбуху на ЧАЭС.

Гісторыю сваёй сям’і распавяла і немка Надзя Хес, лектар Роберта Боша ва ўніверсітэце ўкраінскага Роўна, бацькі якой у 1986 годзе якраз будавалі ўласны дом. Пасля 26 красавіка яны вымушаныя аддаць увесь свой цэмент ва Украіну. І такім быў загад па ўсім ГДР: «Усё ішло ва Украінскую ССР, якой тэрмінова трэба было дапамагаць»

Многія студэнты адзначалі, што не так шмат ведаюць пра тэму Чарнобыля і хочуць даведацца больш. У Расіі пра гэту тэму кажуць, напрыклад, менш чым ва Украіне, дзе ладзяцца сустрэчы з ліквідатарамі, дні інфармавання і іншыя памятныя мерапрыемствы.

Зусім іншымі выглядалі студэнты на прыканцы праекту пасля паездкі на Гомельшчыну.

«Падчас нашага візіту мяне найбольш уразіў інтэрнат “Ліцэй пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС”, – дзеліцца ўражаннем масквічка Анастасія Чарных. – Многія жывуць у кантактных тэрыторыях і не звяртаюць ужо на гэта больш увагі».

Многіх здзівіў малаказавод ў Хойніках, прадукцыю з якога пастаўляюць у раёны Гомельшчыны.

Cлухаць і думаць

На выніковай прэзентацыі студэнты прыгадвалі сустрэчы і гутаркі з экспертамі і мясцовым насельніцтвам у рэгіёне.

«Інфармацыя, якую мы атрымлівалі з першых вуснаў, была дастаткова супярэчлівая, – прызнаецца Аліна Раеўская з Мінска. – Часта ад прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацый, з якімі мы сустракаліся, даводзілася чуць «Згодна з беларускім заканадаўствам...». А як ідуць справы насамрэч і што на гэту тэму думаюць самі людзі, мы так і не даведаліся.

Удзельнікі таксама адзначалі, што на пытанні пра Астравецкую АЭС іх субяседнікі на Гомельшчыне асабліва шмат не выказваліся, коратка дадаючы, што праект Беларусі ўсё ж хутчэй патрэбны.

«Пасля гэтых некалькі дзён я пераканалася, што думкі на тэму будаўніцтва новай АЭС, гэтаксама як і інфармацыя пра рэальны стан жыцця ў рэгіёне падзелены на два лагеры: так бы мовіць, меркаванне ў падтрымку афіцыйнай пазіцыі ўрада краіны і пазіцыя, якая адрозніваецца ад урадавай», – дадае Аліса Баўхіна з Кішынёва.

Дзяўчына працуе журналісткай у Германіі і ўдзел у воркшопе быў цікавы ёй найперш з прафесійнага боку. Аліса плануе падрыхтаваць матэрыял на тэму памяці пра Чарнобыльскую трагедыю ў Беларусі.

«Пакуль я яшчэ не вырашыла, што гэта будзе за матэрыял, – распавядае Аліса. – Зараз я працую над некалькімі тэкстамі. Але тэма Чарнобыля, асабліва пасля таго, як я пабывала на Гомельшчыне, зацікавіла мяне яшчэ больш. Асабліва няпроста было бачыць дзяцей – іх бледныя твары, упалыя вочы. На жаль, гэтай тэме ўдзяляецца мала ўвагі. Лічу, што беларускі ўрад павінен шукаць спосабы павялічыць колькасць замежных партнёраў, праз якіх гэтыя дзеці маглі б скарыстацца лячэннем за мяжой... »

«80 працэнтаў інфармацыі было для мяне новай – нягледзячы на тое, што сама я з Беларусі, – прызнаецца студэнтка Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Люфт. – Найбольш складана было эмацыйна ўсё гэта бачыць, слухаць і асэнсоўваць. Я вярнуся ў свой горад і буду дзяліцца са знаёмымі ўсім, што перажыла і даведалася тут... »

Сёлета ў Беларусі да 30-годдзя Чарнобыля пройдзе летняя школа пад кіраўніцтвам Інстытута нямецкіх даследаванняў пры БДУ. Аліса Баухіна з гэтай прычыны плануе абавязкова наведаць Беларусь яшчэ раз.

«У Малдове пра тэму Чарнобыля таксама гавораць, у нас ёсць саюз ліквідатараў, у якім прыблізна дзве тысячы членаў. Беларусь жа, я лічу, адчула на сабе праблему Чарнобыля больш за астатнія краіны. І мне цікава шукаць праўду ў гэтым пытанні».

Фота аўтара і Яны Машэй


Ілля Лапато 12:00, 31.03.2016 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.