Навукоўцы: халодныя стасункі можна падагрэць літаральна

Эпітэты «халодны» й «цёплы» здаўна выкарыстоўваюцца людзьмі для абазначэньня  абстрактных паняткаў як абыякавасьць ці добразычлівасьць. Да прыкладу, «халодны позірк» ці «цёплая ўсьмешка» ды й самі стасункі паміж людзьмі бываюць «халоднымі» альбо «цёплымі». Але новыя дасьледваньні навукоўцаў паказваюць, што халодныя стасункі можна літаральна «падагрэць».

Завітаў да вас у госьці даўні знаёмы, гаспадар здымнай кватэры, камэндант інтэрнату ці нават участковы — сьмела частуйце госьця гарачай гарбатай ці кавай. Навукоўцы ў двух экспэрымэнтах прасачылі ўзаемасувязь паміж паводзінамі чалавека і адчуваньнем цяпла ці холаду ў ягоных рукох.

гарбата
Photo by Jodi_C

Вынікі дасьледваньняў апублікаваныя ў часопісе Science. Абодва новыя экспэрымэнты правялі ва Ўнівэрсытэце штата Каларада. Для дасьледваньняў падабралі 41 студэнта. У розны час ім прапаноўвалі патрымаць кубак гарачай кавы, не тлумачыўшы сэнс экспэрымэнту. Студэнтам далі апісаньне выдуманай асобы і папрасілі ахарактарызаваць яе. Па адзнаках навукоўцаў, студэнты, што трымалі ў рукох гарачую каву, далі больш станоўчыя характарыстыкі.

У другім экспэрымэнце студэнтам выдалі суграваючыя і ахалоджваючыя тэрапэўтычныя падушачкі і папрасілі памацаць і ацаніць якасьць прадукту. Як падарунак за ўдзел у дасьледваньні студэнтам прапанавалі на выбар: альбо пакінуць падушачку сабе альбо ўзяць падарункавы сэртыфікат для сябра. Ужо можна здагадацца, што сярод тых, хто атрымаў цёплыя падушачкі, знайшлося нашмат болей жадаючых зрабіць падарунак сябру.

Навукоўцы лічаць, што вынікі экспэрымэнтаў пераканаўча даказваюць простую сувязь паміж фізычнымі адчуваньнямі цяпла й холаду ў рукох і паводзінамі чалавека.

Дарэчы, нядаўнія дасьледваньні іншай групы навукоўцаў высьветлілі, што пачуцьцё адзіноты падсьвядома прымушае людзей успрымаць навакольную тэмпэратуру ніжэй. І, на думку навукоўцаў, можна дапусьціць і адваротную залежнасьць — пад дзеяньнем цёплага паветра і гарачай ежы пачуцьцё адзіноты зьніжаецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5805 seconds.