Інфаграфіка: як руская мова выцясняе беларускую на ЦТ абітурыентаў

Інфаграфіка: як руская мова выцясняе беларускую на ЦТ абітурыентаў

Колькасць абітурыентаў, якія абралі беларускую мову на цэнтральным тэставанні, чарговы раз зменшылася ў адносінах да рускай. Сёлета беларускую будуць здаваць толькі 24% супраць 76% выпускнікоў школаў, якія здаюць рускую. Яшчэ 8 гадоў таму суадносіны былі значна бліжэйшымі: 42% беларускай супраць 58% рускай.

Агульная колькасць абітурыентаў сёлета зменшылася ў параўнанні з мінулым годам на 4 тысячы. З 101 тысячы абітурыентаў, толькі 24020 чалавек вырашылі здаваць беларускую мову. У 2007 годзе арыентаваных на беларускую мову было 87 тысяч з 207 тысяч агульнай колькасці.

Адзіным годам, калі тэндэнцыя пашырэння рускай сярод выбару абітурыентаў прыпынялася, быў 2010. У тое лета беларускую абралі 39% супраць 37% годам раней.

Але ўжо ў наступны год разам з вялікай колькасцю падзення агульнай лічбы абітурыентаў значна зменшыўся і выбар сярод іх беларускай мовы – да 36%.

У наступныя тры гады руская мова ўпэўнена заваёўвала ў беларускай па 4%. Урэшце адсотак ахвочых здаваць беларускую мову склаў у 2014 годзе толькі 25% ад 105 тысяч абітурыентаў. Сёлета беларускую мову абралі яшчэ на дзве тысячы меней абітурыентаў.

Калі імклівасць русіфікацыі захаваецца, то ўжо праз 10 гадоў 100% беларускіх абітурыентаў будуць абіраць на цэнтральным тэставанні рускую мову. Паводле няхітрых падлікаў на аснове дадзеных з 2007 года, выходзіць, што верагодна апошні абітурыент будзе здаваць беларускую мову на цэнтральным тэставанні летам 2025 года.


Юра Сідун 17:00, 04.06.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1207 seconds.