Патэлефануй мне на таксафон

Таксафоны з уваходзячымі званкамі зараз даступны па ўсёй рэспубліцы. У Менску можна патэлефанаваць на 133 таксафоны.

­

Цудоўная навіна для рамантыкаў – у Менску можна тэлефанаваць на таксафоны! Напрыклад, гуляе твая сяброўка або сябра з сабакам увечары, а дзесьці на іх маршруце ёсьць таксафон – і вось ён пачынае зьвінець! Ну і там пра Месяц паразмаўляць і ўсё такое...

Ну а зараз інфармацыя для прагматыкаў. Як сьцвярджаюць у «Белтэлекоме», таксафон з уваходзячай сувязьзю зьяўляецца неабходным сродкам сувязі ў шматлікіх жыцьцёвых сытуацыях. Асаблівым попытам карыстаецца ў шпіталях, навучальных установах, базах адпачынку, інтэрнатах. Адным словам, паўсюль, дзе няма стацыянарнага тэлефона, патрэбны такі таксафон. Можна дамовіцца, каб абанэнт у пэўны час падышоў да апарату і чакаў званка.

Упершыню таксафоны з уваходзячай сувязьзю зьявіліся ў Берасьцейскай вобласьці. Зь першага жніўня дадзеная паслуга даступна ва ўсіх абласьцях.

У Менску ўваходзячыя званкі могуць прымаць 133 з 4590 таксафонаў. Над імі зьмешчаны адмысловыя налепкі «Таксафон з уваходзячай сувязьзю» і нумарам. Адрэсы і нумары такіх таксафонаў можна знайсьці на сайце «Менскай гарадзкой тэлефоннай сетцы» або па тэлефоне 130.

Ну і зараз інфармацыя для самых рацыянальных: аплочвае паслугу, зразумела, той, хто тэлефануе. Тарыфы тыя ж, што і на звычайны гарадзі тэлефон: 1 хвіліна па горадзе каштуе 8 бел. рублёў, у межах вобласьці – 20 бел. рублёў, па рэспубліцы – 41 бел. рубель. Гэта са стацыянарнага тэлефона. Кошты на званкі з мабільнага – ў даведцы апэратара, але такія ж, як і на гарадзкі нумар.

Фота: photo.bymedia.net

SlaDa 14:00, 13/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2096 seconds.