Навошта нямецкая моладзь на летнія вакацыі едзе ў Лепель і Стахоўцы

Групы нямецкіх юнакоў штогод у якасці бясплатнай будаўнічай сілы едуць на летнія вакацыі ў Беларусь. Generation.by зганяў у Лепель, каб пабачыць усё на месцы.

23 гады запар нямецкія валанцёры прыязджаюць сюды, каб дапамагчы перасяленцам з Чарнобыльскай зоны. За гэты час былі пабудаваныя дзясяткі дамоў у Лепелі і Стахоўцах. Цэлае паселішча «Дружная», якое цяпер далучылі да вёскі Стахоўцы, было цалкам пабудаванае нямецка-беларускай супольнасцю «Дамы замест Чарнобыля». 

«У Стахоўцах я ўпершыню пазнаёмілася з Беларуссю і адразу ж сутыкнулася з двума трагедыямі. Адну завуць вайна, другую — Чарнобыль, — расказвае кіраўніца летніка Улрыке Егер. — Я сюды прыехала на аўтобусе 17 год таму і будавала першыя хаткі. А пачалося ўсё з таго, што я спантанна паехала з сяброўкай за кампанію, падумала, з’езджу разок. Апынулася 45 паездак».

Энергічная Улрыке ў Нямеччыне працуе з моладдзю ў пратэстанцкай арганізацыі і штогод «вярбуе» новых юнакоў паехаць на тры тыдні ў малавядомую для іх Беларусь. Але лепшую рэкламу, са словаў жанчыны, робяць самі валанцёры.

Heimstatt Tschernobyl e.V. (альбо «Дамы замест Чарнобыля») стварылася ў пачатку 90-х, за гэты час у летніках паўдзельнічалі 1500 валанцёраў з Нямеччыны і Беларусі, якія пабудавалі амаль 50 дамоў. У сярэднім цяпер будуецца два дамы ў год. Працуюць выключна на валанцёрскіх пачатках з бясплатнай дапамогай прафесійных будаўнікоў. Усе будынкі ствараюцца з экалагічна чыстых матэрыялаў: дроваў, трыснёга, гліны.

Разам з беларускім «Экадомам» арганізацыя прасоўвае ідэі альтэрнатыўнай энергетыкі: у 2000 годзе ў Стахоўцах была пабудавана першая ветраная ўстаноўка ў Беларусі магутнасцю 250 кВт. Праз два гады побач стаяў ужо другі вятрак на 600 кВт. Энергіі з іх хапае на навакольных 600 дамоў. А літаральна некалькі дзён таму запрацаваў трэці на 1000 кВт. Ветракі купленыя і пастаўленыя на ахвяраванні (дакладней кажучы, на беспрацэнтны крэдыт ад грамадзян), адзін з іх прафінансаваў нямецкі ўрад. Каб стымуляваць развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі, у беларускім заканадаўстве закладзеныя павялічаныя тарыфы для вытворцаў аднаўляльнай энергіі. Таму праз пяць гадоў вятрак акупаецца, так званы крэдыт выплачваецца ўкладчыкам, а астатнія грошы, што пералічвае «БелЭнерго», ідуць на пабудову новых дамоў.

Маленькі і пусты Лепель у пятнічную раніцу. Купка падлеткаў пад здзіўленыя позіркі нешматлікіх мінакоў фарбуе звычайную драўляную хатку. У пачатку 2000 году тут было вырашана зрабіць другое паселішча для ахвяраў аварыі на ЧАЭС. Разам з немцамі валанцёраць і беларускія школьнікі. Некаторыя хлопцы штогод удзельнічаюць у праекце, а пра тое, што маглі б у гэты час тусіць дзесьці, адказваюць, што ім цікавей бабулям дапамагчы ды з немцамі пастасавацца. Хоць і мала хто з іх валодае англійскай, агульную мову яны ўсё ж знаходзяць. Нямецкім жа падлеткам хочацца паглядзець на краіну, пра якую яны анічога не ведалі.

«Моладзь адчувае адказнасць за тое, што адбываецца зараз і што будзе адбывацца ў будучыні. І яны ведаюць, што можна вучыцца з гісторыі. У Стахоўцах, напрыклад, паўстагоддзя таму было фактычна поле бітвы. Акурат там, дзе нашыя дамы, там стаялі саветы насупраць фашыстаў і біліся. Амаль усе вёскі навокал былі спаленыя немцамі з людзьмі і без. І старыя, у якіх працуюць маладыя людзі, гэта ўсё бачылі. І падлеткі не адчуваюць віну за сваіх прадзедаў, але яны імкнуцца змяніць нешта ў будучыні. Яны едуць сюды і дапамагаюць старым рамантаваць і будаваць іх дамы. І старыя па-новаму знаёмяцца з немцамі. Гэта не тыя самыя немцы, якіх яны сёння сустракаюць і якіх яны ўжо сустракалі больш за паўстагоддзя таму», — разважае Улрыке.

Фота: Юля Сакалоўская


Наста Darteco 14:40, 20.08.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.218 seconds.